Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў

Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў


Скачать книгу
народаў нарэшце выправіўся на той сьвет, я ўжо існаваў, ды мог не нарадзіцца, бо пасьля ўрадавага радыёпаведамленьня мама пачулася зусім блага. Сьвет гінуў, ад роспачы мама ў гістэрыцы рвала валасы й надоўга трапіла ў лякарню. Але тым разам савецкая мэдыцына перамагла (нашы савецкія хворыя – самыя здаровыя хворыя ў сьвеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Дзевы.

      Мы жылі ў скарбовым драўляным доме, якога ўжо не існуе. Акурат на месцы нашага дому й саду цяпер Палац культуры вытворчага аб’яднаньня «Шкловалакно», і, калі ў Полацак прыяжджаў беларускі сьпявак з Амэрыкі Данчык, я зь сябрамі марна спрабаваў там растлумачыць госьцю, што такое – палац культуры.

      Дом быў падзелены перабойкаю на дзьве часткі: у адной месьціліся народны суд і гарадзкая пракуратура, у другой – наша двухпакаёвая кватэра. Мой дзіцячы ложак стаяў пры сьцяне, за якою былі нежылыя памяшканьні. Часам я спалохана прачынаўся сярод ночы і, сьцяўшыся пад коўдраю, слухаў, як за сьцяною хадзілі, прыцішана гаманілі й чыркалі запалкамі нейкія людзі. Мяне апаноўваў ня проста страх, а страх, зьмяшаны зь невымоўнаю гідлівасьцю; кшталт таго страху я перажыў нядаўна ў лесе, убачыўшы на альховай галіне над галавою клубок вужакаў. А тады, у маленстве, мая пасьцель рабілася мокрая ад халоднага поту (а на самым пачатку сьвядомага жыцьця, напэўна, ня толькі ад поту), і я, ня маючы болей змогі трываць гэтую пакуту, клікаў на паратунак маму.

      На мой голас заўсёды прыходзіў тата. Ён гладзіў мяне цяжкой даланёю па галаве, казаў нешта супакойлівае, і я засынаў. Калі праз шмат гадоў, ужо ў студэнцтве, я зь сьмехам узгадаў тыя начныя прыгоды, бацька, не падтрымаўшы жартоўнага тону, сказаў, што там, за сьцяною, у гэбістаў было патайнае месца сустрэчаў з сэксотамі, і я спасьціг прычыну свайго прасякнутага агідаю дзіцячага страху – я трапляў у магутнае біяполе чалавечае нізасьці й подласьці. Мне дагэтуль незразумела, чаму бацька не пераставіў ложак да іншае сьцяны: няўжо такім чынам гартаваў мяне да наступнага жыцьця?

      Маё маленства сьмяялася й плакала на старадаўніх, на шчасьце, яшчэ не зруйнаваных дазваньня вулачках тысячагадовага Полацку, але пра пошукі скарбаў і лёхаў, што вядуць з полацкіх храмаў на той бок Дзьвіны, пра выпрабаваньні сьмеласьці на вузенькім гзымсе вакол купалу Багаяўленскага сабору, дзе мы пісалі на ржавай блясе імёны дзяўчатак, што нам тады падабаліся, пра сабор Сьвятога Стэфана, які ўзьнялі ў паветра на нашых дзіцячых вачах (дакумэнты сьведчаць, што пасьля гарвыканкам выдаткаваў з свайго бюджэту 40 тысяч рублёў на «вывоз мусора»), – пра ўсё гэта іншым разам.

      У першую клясу я пайшоў у 1960 годзе, калі да абяцанага Хрушчовым камунізму заставалася ўсяго дваццаць гадоў і ў сталоўках ужо можна было задарма пад’есьці хлеба з гарчыцаю або сольлю. Неўзабаве ў Полацку зачынілі – вядома, па просьбах бацькоў і наогул усіх працоўных – апошнюю беларускую школу.

      Ня памятаю, каб у нашым тагачасным полацкім жыцьці было хоць што-кольвек беларускае. Прыгадваецца адно выкладзенае цэглаю на аблезлым фасадзе


Скачать книгу