Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов
здаецца, маладыя людзі маглі б палічыць, што з гэтай барадой, якая па-віктарыянску раздзялялася на кашлатыя бакенбарды, ён выглядае занадта эксцэнтрычна. А вось Морыс галіўся гладка і, мяркуючы па партрэтах, якія мне паказвалі, выглядаў проста чароўна, хоць і быў занадта падобны да опернага тэнара, што не ўпрыгожвае джэнтльмена. Джэймс зноў і зноў прасіў, каб я адказала, ці не цуд яго сябар, ці ж не любая жанчына закахаецца ў яго і гэтак далей, пакуль ад гэтага не пачало ўжо нудзіць, ды толькі занадта хутка ўсё абярнулася трагедыяй. Было ўражанне, што гэтая манія запоўніла ўсё яго жыццё, і вось аднойчы ідал упаў і разбіўся, як фарфоравая лялька. Прастыў на моры і канец.
– І пасля гэтага, – спытаў хлопец, – ён так ад усіх адгарадзіўся?
– Спачатку ён паехаў за мяжу, – адказала жанчына, – пабываў у Азіі, на Канібалавых астравах і Бог ведае дзе. Розныя людзі па-рознаму пераносяць такія цяжкія ўдары. Для яго гэта вылілася ў адасабленне і разрыў з усім, нават са звычкамі і, наколькі гэта магчыма, з успамінамі. Ён не мог трываць напамінаў пра сваю старую прыхільнасць – партрэтаў, гісторый і нават асацыяцый. Не вытрываў і арганізацыі вялікага публічнага пахавання. Яго цягнула прэч. Ён не вяртаўся дзесяць гадоў. Я чула, што пад канец свайго выгнання ён пачаў быў патроху папраўляцца, але варта было вярнуцца дадому, як адбыўся моцны рэцыдыў. Яго ахапіла рэлігійная хандра, а гэта ўжо практычна вар’яцтва.
– Кажуць, трапіў у лапы папа́м, – прабурчаў стары генерал. – Ведаю, што ён тысячы аддаў, каб фундаваць манастыр, і сам жыве амаль як манах – ці прынамсі самотнік. Не разумею, які яны ў гэтым бачаць сэнс.
– Чортавы забабоны ўсё, – фыркнуў Кокспэр, – пра такое трэба пісаць. Вось чалавек, які мог прынесці карысць Імперыі і ўсяму свету, а гэтыя крывасмокі ўхапіліся і ўсе сокі з яго цягнуць. Іду ў заклад, яны са сваімі расказамі пра той свет нават ажаніцца яму не даюць.
– Вашая праўда, ён так ніколі і не ажаніўся, – сказала лэдзі. – Шчыра кажучы, у час нашага знаёмства ён быў заручаны, але не думаю, што гэта хоць калі мела для яго вялікае значэнне, і ён забыўся пра нявесту, як і пра ўсіх іншых. Як у Гамлета і Афеліі – ён не хоча любіць, бо не хоча жыць. Але я знала тую дзяўчыну, папраўдзе, знаю яе і цяпер. Між намі кажучы, гэта была Віёла Грэйсан, дачка старога адмірала. Яна таксама дагэтуль не выйшла замуж.
– Вось жа паскудства! Чорт ведае што! – усклікнуў сэр Джон, ускочыўшы. – Гэта не проста трагедыя, гэта злачынства. Я маю абавязак перад грамадствам, і я хачу на ўласныя вочы ўбачыць увесь гэты абсурдны кашмар. У дваццатым стагоддзі… Ён ледзь не задыхаўся ад абурэння. Памаўчаўшы, стары ваяка дадаў:
– Я не сцвярджаю, што шмат пра тое ведаю, але мне здаецца, усім гэтым аматарам рэлігіі не зашкодзіла б прачытаць кніжку, у якой сказана: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых”.
– Вось толькі, на жаль, усё менавіта так, як і выглядае, – з уздыхам сказала яго жонка. – Як нейкая жудасная гісторыя пра мерцвяка, што зноў і зноў бясконца хавае іншага такога ж, як ён.
– Бура