Ён прыходзіў з дажджом (зборнік). Коллектив авторов

Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов


Скачать книгу
што яе падазрэнні вар’яцкія, а такі нагавор на гаспадыню недапушчальны. Падчас размовы да іх данёсся раптоўны крык. Нянька і гаспадар кінуліся разам у дзіцячы пакой. Уявіце сабе яго пачуцці, містэр Холмс, калі ён убачыў, як яго жонка ўстае з каленяў ад дзіцячага ложка… і кроў – кроў на безабароннай дзіцячай шыйцы і прасціне. З крыкам жаху ён павярнуў жончын твар да святла і ўбачыў кроў на яе вуснах. Гэта была яна, без усялякіх сумневаў яна. Яна піла кроў беднага дзіцяці!

      Такія вось акалічнасці справы. Цяпер жонцы не дазволена пакідаць пакой. Ніхто нічога не патлумачыў. Муж амаль звар’яцеў. Ён і я ведаем пра вампіраў вельмі мала, хіба толькі назву. Мы думалі, што гэта дзікая казка чужынскіх краінаў. І цяпер тут – у самым сэрцы Англіі, у Сасэксе… Але ўсё гэта можна абмеркаваць з вамі зранку. Вы не адмовіцеся сустрэцца са мной? Пагодзіцеся скарыстаць свае незвычайныя здольнасці, каб дапамагчы разгубленаму і напаўзвар’яцеламу чалавеку? Калі так, калі ласка, дашліце тэлеграму на імя Фэргюсана (Чызмэн, Лэмберлі), і я буду ў вас а дзясятай.

Шчыра ваш,Роберт Фэргюсан

      P.S. Калі не памыляюся, ваш сябра Ўотсан граў у рэгбі за Блэкхіт, а я быў трохчацвярным за Рычманд. Гэта адзіная рэкамендацыя, якую я магу прадставіць.

      – Безумоўна, я яго памятаю, – сказаў я, адклаўшы ліст. – Вялікі Боб Фэргюсан, найлепшы трохчацвярны рычмандцаў. Такі дабрадушны. Гэта цалкам у яго характары – непакоіцца за сябра.

      Холмс паглядзеў на мяне і пакачаў галавой.

      – Вы не перастаяце здзіўляць, Ўотсан, – сказаў ён. – У вас проста безліч неспазнаных магчымасцяў. Будзьце ласкавы, запішыце тэкст тэлеграмы: “Ахвотна зоймемся вашай справай”.

      – Вашай справай?

      – Ён не павінен думаць, што ў нас тут прытулак для ідыётаў. Безумоўна, ён пісаў пра сябе. Дашліце яму тэлеграму і давайце забудземся на гэта да раніцы.

      Роўна а дзясятай наступнага ранку Фэргюсан зайшоў да нас. Я памятаў яго высокім хударлявым хлопцам, вельмі рухавым і незвычайна спрытным, што дазваляла яму неаднакроць перамагаць каманду суперніка. Ці можа быць штосьці больш прыкрае і балючае, чым праз гады сустрэць чалавека, толькі вельмі аддалена падобнага да выдатнага спартоўца, якім я ведаў яго ў часы росквіту? Яго моцнае цела нібы ўсохла, ільняныя валасы парадзелі, плечы апусціліся. Баюся, мой выгляд выклікаў у яго падобныя пачуцці.

      – Вітаю, Ўотсан, – сказаў ён, і голас яго быў па-ранейшаму глыбокі і сардэчны. – Вы не падобны да хлопца, якога я выкінуў за канаты ў натоўп на полі ў Олд-Дзір.[1] Думаю, я таксама крыху змяніўся. Але мяне састарылі апошнія дзень-два. З вашай тэлеграмы, містэр Холмс, я зразумеў, што няма сэнсу ўдаваць з сябе чыйгосьці прадстаўніка.

      – Прасцей дзейнічаць наўпрост, – адказаў Холмс.

      – Безумоўна. Але вы можаце ўявіць, як складана гаварыць пра жанчыну, якую ты павінен абараняць і падтрымліваць. Што я магу зрабіць? Як мне ісці ў паліцыю з такой гісторыяй? Дый дзяцей трэба бараніць.


Скачать книгу

<p>1</p>

Спартовыя пляцоўкі парка Олд-Дзір (Old Deer Park) у ангельскім Рычмандзе выкарыстоўваліся і працягваюць выкарыстоўвацца ў тым ліку Рычмандскім рэгбійскім клубам як “хатнія”.