Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік). Віктар Казько

Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) - Віктар Казько


Скачать книгу
ў мяне могуць быць правы ў такім ачапленні. У мяне іх ужо адабралі.

      – Каціся, лявак няшчасны, пакуль мы добрыя. Вадзіцель хапатліва знік, але добра падвесяліў тых, хто знаходзіўся побач і ўсё чуў. Шмат падлеткаў, некаторыя з іх сядзяць ужо на дрэвах, некаторыя толькі выбіраюць сабе дрэва, прыкідваюць, на якім з іх больш камфортна будзе сядзець. Міліцыя на гэта глядзіць скрозь пальцы, як і на тых, хто пералазіць праз агароджу з могілак на плошчу і наадварот. Цікавая краіна, цікавая ўлада, нават збоку вялікае задавальненне наглядаць: праз браму нельга, паверх плота – можна. О логіка, о права, ці тут вы пачынаецеся, ці тут вы і канаеце. Ці не так пачынае канаць усякая ўлада: перш-наперш страчвае ўсякі розум і логіку. Жанчыны возяць у калясках, калышуць дзяцей. I гэта ўжо трохі жудасна. Мімаволі, але згадваецца тая самотная каляска, што коціцца па пацёмкінскай лесвіцы, у ёй, у той калясцы, заходзіцца ад крыку, галосіць дзіця. I наогул штосьці ёсць у гэтым ад «Браняносца Пацёмкіна», на якім усё ж выхавана не адно пакаленне. I цікава, выхавана, але нідзе, ніколі і нічым не выкрыла гэтага выхавання. Што ж гэта за свабодалюбнае такое пакаленне, якім так лёгка кіруюць брываносцы ў прыцемках.

      Той самы падпалкоўнік міліцыі з заклапочаным тварам аратага, пра якога гаварылася ўжо вышэй, абвясціў праз мікрафон, што зборышча тут процізаконна і проціпраўна:

      – А мы жывём пакуль што ў прававой дзяржаве.

      Натоўп адгукаецца на гэтыя словы рогатам. Рогат гэты, праўда, пануры і не такі гучны, як можна было чакаць. Праз яго лёгка чуваць голас:

      – Грамадзяне, сябры, заклінаю, прашу вас аб адным. Вы бачыце, колькі тут міліцыі і тэхнікі. Тут спее правакацыя. Не паддавайцеся на правакацыю.

      Дзіўна, але гэтыя мірныя словы, моўленыя ахрыплым, сарваным голасам Зянона Пазняка, што не да ўсіх і данесліся, прагучалі для міліцыі як баявы кліч, як каманда: «Фас. Наперад». Было роўна чатырнаццаць нуль-нуль. Гадзіна ікс надышла. Пачалося паляванне. Падпалкоўнік з мегафонам нешта яшчэ крычаў, заклікаў грамадзян дыхаць азонам, ісці як мага далей ад могілак, дзе больш гэтага азону, усім хопіць, хто прагне сацыяльнае справядлівасці. А ананімы ў цывільным і супрацоўнікі міліцыі ў форме пачалі рабіць сваю справу, нібы міна запаволенага дзеяння спрацавала ў кожным з іх. Клінам па некалькі дзесяткаў чалавек з розных бакоў урэзаліся ў натоўп. Расшкуматалі, раздзерлі яго, і тых, хто супраціўляўся, ужо цягнулі да «варанкоў».

      Прыйшло ў рух, здрыганулася, нібы рыхтуючыся рассыпацца, не вытрымаўшы азвярэння сваіх старэйшых таварышаў і настаўнікаў, карэ курсантаў міліцыі. А хлапчуковыя іх твары імгненна заружавелі і пайшлі плямамі, губы задрыжэлі, замітусіліся вочы. Здавалася, яшчэ імгненне, і яны разбягуцца. Але яны не разбегліся. Аўтаматызм і інструкцыя спрацавалі безадмоўна. Падпарадкаванасць дысцыпліне перамагла, аказалася вышэй за чалавечае ў іх. Пры ўсім пры тым гэта таксама былі людзі натоўпу, і натоўпу двайнога. Чужога ім, цывільна стракатага, і свайго, у форме.


Скачать книгу