Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
аплецены венамі, нагадваў кубло рознакаляровых рабакоў. —У цябе вунь дасюль шнар на лобе ад ягонай шаблі! Забыўся, як ён нас ледзь у слуцкія сутарэнні не заканапаціў? А потым у Менску я ж пад ягонымі вокнамі прывіда выяўляў, мяне з вартай лавілі. Ну і фізіяномія была тады ў пана!
Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.
– Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды – зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы – сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі – надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?
Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, “прыпёк” Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.
– Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?
Доктар нават не пасміхнуўся.
– Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента – справа між ім і доктарам.
Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік… Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.
– Адзінае – калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! – задумліва прамовіў Лёднік. – Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз – “Fiducia amicorum fortis”, моцны вернасцю сяброў?
– Але не жончынай, – зласліва зазначыў Пранціш. – Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.
Лёднік уздыхнуў.
– Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў – каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.
Вырвіч здзівіўся.
– Як гэта – у караля ды грошай няма!
Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.
– Тое, што шляхцюку –