У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава


Скачать книгу
дзяўчынкі.

      «Грамадзяне-суддзі, пашкадуйце мяне, як я пашкадаваў сваіх сястрычак», – даводзіў ён у сваім «апошнім слове».

      Маці абуралася: «І я буду браць грошы?» І ехала з апеляцыямі ў абласны суд і ў Мінск – у Вярхоўны суд. «Паводле 55-га» – быў такі артыкул у кодэксе. У перакладзе на мову звычайную гэта мела на ўвазе: без грошай, без ганарару.

      Да працэсаў маці рыхтавалася, як да экзамену, – не, як да прэм’еры, бенефісу. Штудыявала матэрыялы справы, чытала прамовы Цыцэрона, Коні, Плевака, Спасовіча, Аляксандрава, Карабчэўскага… Згадвала вершы – паэзію вельмі любіла, да прозы ставілася досыць прахалодна. Пакрыёма цытавала Біблію.

      Маці мела поспех і кліентуру. Ездзіла і ў Баранавічы, і ў Ліду, і ў Дзятлава, і ў Гродна. Тамтэйшыя юрысты меркавалі, што па справах непаўналетніх у іх калегіі адвакатаў ёй не было роўных. Тое ж пацвярджаў Яша Найман з суседняга класа. Яго меліся судзіць за крадзеж зброі – і Яша скрушна згадваў: «Ледзь было не расказаў усё. Ну, умее…»

      Адзетак быў на маці заўсёды што з голкі зняты. Чорная спадніца, белая шыфонавая блузка з нейкімі выштукаванымі складкамі. Або строгая ліловая сукня з крап-саціну. І яшчэ нейкія строгія бэжавыя, шэрыя, белыя, бэзавыя – заўсёды аднакалёрныя – строі. І самы прыгожы, на погляд Даны, гарнітур: шыфонавая чорная сукенка з набіўнымі, далікатнага абрысу кветкамі – і белае паўпаліто з воўны. Паліто называлася труакар. Заўсёды высокі абцас, панчохі, нават калі ўсе млелі ад спёкі. «Суд – установа сур’ёзная», – мелася тлумачыць маці. Учасанне ў яе было не падобнае ні да кога. Як на здымках і карцінах канца – пачатку стагоддзя: высока паднятыя, забраныя з усіх бакоў валасы, адзін да аднаго. Божа барані, аніякіх свавольных кудзерцаў.

      Дану маці прымушала плесці косы, каб аж валасы трашчалі, ніякіх гарэзлівых пасмачкаў; на патыліцы снежна-белыя банты.

      Усё павінна было, паводле ўяўленняў Вольгі Станіславаўны, блішчаць і зіхацець – вопратка, хата, бялізна. Маці не давала фарбаваць падлогу – яе мылі гарачай вадой з мылам і драцяной шчоткай. Чатырнаццаць вёдраў на другі паверх, чатырнаццаць – назад. Бялізну, абрусы, сурвэткі маці мыла сама, устаючы гадзіны ў чатыры раніцы. Была ў іх хатняя гаспадыня. Але Ніна глядзела на патрабаванні абсалюту як на дзівацтва пані – а хай яна спрахне, тая бялізна. Калі толькі надыходзіла пара мыць, Ніна пачынала, як цяпер кажуць, гнаць карцінку прыгнечанай істоты. «Увесь свет насілля мы разбурым…» Ніна ляпала дзвярыма, грукацела вёдрамі, у яе псаваўся настрой, і яна з пакрыўджаным выглядам пазірала, як яе пані ўвіхаецца каля балеі і падкідвае ў печ дровы. Няхай гаспадыня сама таго шыку дабірае. І калі пані, засопшыся, прасавала сукенку і прыбірала ліхаманкава валасы, каб паспець у суд, Ніна касавурылася і чакала яе адыходу. І калі ўрэшце пані адвакат бегма бегла ў суд, Ніна здымала бак з бялізнай з печы, падкідвала дровы – хай сабе гараць, вунь колькі бярозы назапашана – і клалася падрамаць на сваю канапку. Потым шла «правіць візіт» да Палонскіх, што жылі насупраць.


Скачать книгу