Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris. Андрэй Адамовіч
Вось прыклалі іх адну да адной. І што вы думаеце? Мая была даўжэйшая, хай усяго на паўсантыметра, але даўжэйшая!
Пачырванела ў мяне ўваччу. У той самы момант, пры дошцы, у класе, дзе я атрымліваў толькі двойкі (і тое калі пашчасціць), у той самы момант я зразумеў, што я не такі, як усе, што мне наканаваны незвычайны лёс, што сам бог кажа мне ў гэтае імгненне: «Глядзі, Пашка Капейкін, падаю табе знак. Не памыліся».
Два дні думаў, што цяпер з гэтым рабіць. Зразумеў нарэшце, што трэба заснаваць панк-рок-гурт і даць яму дзіўную назву кшталту «Жопу шырэ». І зафундаваў.
Для пачатку я скраў гітару ў клубе. І так далей гладка пайшло-паехала маё мастацкае жыццё, што нібыта з горкі ледзяной на срацы. Праз чатыры гады мы зайгралі перад дыскатэкаю ў вясковым клубе, а яшчэ праз паўгода распаліся ў выніку фатальнай несумяшчальнасці нашых поглядаў на прыроду панк-року.
Тады я задумаўся: а што цяпер рабіць? Які гэта знак? Што значыць распад нашага гурта? Думаць доўга не выпадала: вырашыў я паступаць на журфак. Напісаў дзве зацемкі ў раённую газету, вывучыў тры правілы і паехаў у сталіцу нашай Радзімы, горад-герой Мінск.
Там мне адразу далі інтэрнат і прыпісалі да трыццаць трэцяй студэнцкай паліклінікі. Вельмі мне спадабалася і ў інтэрнаце, і ў паліклініцы. А неўрапатолаг нават дала мне накіраванне ў Навінкі, там усе былі да мяне добрымі і нават выдалі мне паперку па форме 7Б.
Доўга ці коратка вучыўся я на тым журфаку, цяпер сказаць вам не магу, але ў мяне там былі два любімыя прадметы: «Ідэалогія беларускай дзяржавы» і «Фотасправа». На фотасправе мы замыкаліся ў цёмным пакоі і распушчалі едкія парашкі ў цёплай вадзе, апускалі ў той раствор паперкі, і на тых паперках з’яўляліся дзіўныя малюнкі – калі дом, калі дрэва, а калі-нікалі і птушка з прыгожым хвастом. На ідэалогіі нам распавядалі, што Беларусь – наш агульны дом і ў ім заўсёды для кожнага знойдзецца справа.
Праз пяць гадоў справа для мяне сапраўды знайшлася: мяне адправілі ахоўваць мяжу з Латвіяй. Там мне далі аўтамат, бінокль і восем нарадаў па-за чаргой. Але не магу сказаць нічога дрэннага пра камандзіраў, усе яны былі як адзін вялікія патрыёты і алкаголікі, таму ўначы пераносілі ў Латвію гарэлку і цыгарэты. Мне даручылі самае цяжкае: пераплываць раку, не замачыўшы тытуню. І так у мяне гэта добра выходзіла, што мяне прызначылі сяржантам і далі два тыдні адпачынку.
Калі я вярнуўся, усіх афіцэраў адправілі пад следства за выкрытыя факты кантрабанды. А да мяне падышоў палкоўнік у невядомай форме.
– Ці не хочаш ты паслужыць Радзіме, шчыглік?
– Служу Беларусі! – што моцы закрычаў я.
Праз некалькі тыдняў мяне перавялі ў спецшколу агентаў КДБ. Там мяне навучылі страляць з пісталета Макарава і вызначаць агентаў NATO па форме носа. Як скончыў я тую школу, то мне прысвоілі званне лейтэнанта Камітэта дзяржаўнай бяспекі і персанальнага апазіцыянера.
Хадзіў я за тым апазіцыянерам, хадзіў, слухаў яго тэлефонныя размовы, чытаў яго пошту на mail.ru і ліставанне ў «Аднакласніках». І, скажу я вам, спадарства, вельмі цікавым жыццём