Новая Зямля: Куканія. Антось Уласенка
адмовіцца. За каардынаты плянэты і падпіску пра неразгалашэньне ён атрымваў такія грошы, на якія мог заможна жыць да скону дзён у Блізкіх Сьветах ці на Крэсовых плянэтах, ня кажучы ўжо пра Загранічча.
Баніхват Мінгайла-Азярэвіч паходзіў з Старое Зямлі і казаў усім, хто слухаў, што ён ёсьць прадстаўніком старажытнага вялікакняскага роду і можа прасачыць свой радавод на колькі тысячаў гадоў. Але слухаў мала хто. Бо той быў летуценьнікам і трызьніў увесь час напаўмітычнаю краінаю «Беларусьсю», ад якой да нас дайшлі адно няўцямныя тэксты, ды былымі стагодзьдзямі ейнае славы, што даўным-даўно прамінулі. Былі такія, хто прыпушчаў гіпатэтычнае існаваньне падобнае дзяржавы ў прагісторыі, але і іх пужала апантанасьць летуценьніка: ён хацеў знайсьці плянэту, на якой можна было б з нуля стварыць ідэальную краіну мары адпаведна сваім рамантычным уяўленьням, улічыўшы да таго ж абмылы мінуўшчыны. Мінгайла-Азярэвіч нават распрацаваў быў падрабязны плян гэткага сацыяльнага экспэрымэнту на пяцістах старонках. Праз свае лятункі ён уклаў усе айчызныя грошы ў стварэньне ККД, якую і ачоліў у спадзеве знайсьці аднойчы тую самую «Беларусь». Двойчы экспэрымэнт пачынаўся на новых плянэтах і збоіў, але гэтым разам усё выглядала на лепшы вынік.
Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля
На падлозе ў цэнтры пакою сядзела пані Лёдзя: рукі і ногі сьцягнутыя вяроўкай, у роце кляп. Побач стаяў і тросься Грынька. Ён ня быў зьвязаны, але ні паварушыцца, ні адарваць зьбялелага твару ад каберца пад нагамі быў ня ў змозе.
Пры вакне стаялі два бэйбусы – адзін барадаты, другі з шнарам праз увесь твар – у якіх Юргель адразу пазнаў вітаўчанаў.
Апошнім разам пра іх зьяўленьне ў Віленскім павеце паведамлялі з тузін гадоў таму, але пазнаць вітаўчанаў мог нават той, хто іх ніколі не сустракаў: выгадаваныя ў інкубатарах на сынтэтычных вітамінах, яны былі на паўгалавы вышэйшыя за любога гедзімініча, у пералівістым пазаплянэтным адзеньні, паабвешваныя спакменямі. Юргель ня бачыў дагэтуль жаднага спакменю на свае вочы, але не сумняваўся, што на Новай Зямлі такія рэчы не вырабляюць: дастаць іх можна адно Вонках.
За Юргелевай сьпінай зачыніліся дзьверы і пачулася сіпеньне. Ён хутка зарыентаваўся: ірвануць наперад, скокнуць у вакно, упасьці на клюмбу атрыю, бегма пабегчы за стайню, паклікаць на дапамогу Віліча… Але нічога з гэтага не зрабіў – у руках вітаўчане трымалі праменевікі. Прызначэньне гэтых спакменяў здавалася відавочным.
Стары Дымша зырваў зьвязак ключоў зь Юргелевага пасу. Той здрыгануўся. Яму прыгадаліся чутыя ў дзяцінстве гісторыі. Пасядзёлка неаднойчы пужала яго жахамі, што адбываліся ў Чорнай Лопаўцы, аповедамі пра зямлю, якая плявалася ляваю і дымам, нібыта ў пекле, і пра тое, што ніхто, маўляў, адтуль не вяртаўся.
Ягоная рука міжволі пацягнулася па кудмень на грудзёх. Вока ляснога чыпірадлы ў мэталічнай аправе ён купіў у вайдэлёта на віленскіх Казюкох. Кудмень мусіў бараніць нашэньніка ад злых уплываў і нядолі.
– Бязь