Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч

Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч


Скачать книгу
дае сваёй рагане сілу лекаваць і людзей, і жывёлу, і саму зямлю?

      Сястра, мусіць, прачнуўшыся там, у цемры, між вусцішных каменных слупоў, спужалася і заплакала, паклікала яго па імені. І Лель не стрываў – вярнуўся.

      Пабачыў над дзіцем рагану, скурчаную, страшную, з пачарнелым тварам. Пабачыў вузлаватыя рукі, спярэшчаныя змяінымі ўзорамі, рукі, якія драпежна цягнуліся да русай галавы. Сястра плакала і клікала на дапамогу, а таму Лель, не вагаючыся, схапіўся за бацькаў жалезны нож на поясе. І, засланіўшы сястру сабой, ударыў пачвару па адной кіпцюрыстай руцэ – ажно лінула цёмная кроў на белае цела каменя. А рагана закрычала, запрарочыла, праклінаючы, і нешта цяжкое і касматае абрынулася зверху, прыціснула да роснай травы, так што не варухнуцца было.

      Пясчаны бераг паплыў, быццам човен, па цёмнай вадзе, а Лель, поўны жаху і вусцішных водгаласаў, бег прэч. Бег на чатырох касматых лапах цераз ваду, цераз поле, бег пад тонкім сярпом нованароджанага маладзіка. Узрадаваўся быў, пабачыўшы сваю хату, але радасць вырвалася знутры мядзведжым бурчаннем, і маці, што з ліхтаром чакала ягонага вяртання на ганку, закрычала, толькі пабачыўшы яго. Тады ён зноў бег, бясконца блукаў па цемры, дзёр кіпцюрамі ствалы гонкіх хвояў у пракаветнай пушчы, ад ярасці і адчаю рваў магутнымі лапамі зямлю, падымаючы ўверх зжоўклую ігліцу. Ноч цягнулася і цягнулася, як смала, як мёд, а пасля Лель, стомлены і бегам, і адчаем, праваліўся ў трызненне.

      Прачнуўся і доўга глядзеў на ўласныя рукі, падраныя і брудныя, без звярыных кіпцяў, не аброслыя поўсцю. Глядзеў, вачам не верачы, упэўніваючы сябе, што проста пабачыў кашмарны сон, які цяпер скончыўся. Але калі прыцягнуўся дамоў, сустрэў змрочныя позіркі і падціснутыя вусны. Маці зноў плакала і ўпотай сунула яму, знямеламу, дарожную торбу. А бацька, падступіўшы, загадаў апусціцца на калені і, забраўшы Лелевы валасы, па прынесеным з гор даўнім звычаі, заплеценыя ў косы, абрэзаў іх у два ўдары.

      Гэта быў – канец. Валасы абразалі памерлым, што скончылі свой жыццёвы шлях, або здраднікам, якім лепей было б і не жыць. Лель, апусціўшы галаву, плакаў моўчкі: горкія словы, што круціліся на языку, не маглі прагучаць, толькі выліваліся з яго слязьмі.

      – Прэч, – сказалі яму, і голас старой раганы дамешваўся да галасоў родных і суседзяў. – Пачвара.

      Дзін! Гэта музыка шчыльна перапляталася з успамінамі – лёгкі перазвон струнаў. Лель пачуў яго толькі цяпер, калі хвалі памяці адпускалі яго, адкатваліся назад. І гукі, і колеры, і пахі зноў вярталіся, бо зноў вакол былі верасовыя пусткі, напоеныя мядовым водарам, і маўклівае кола камянёў абкружала нябачанае зялёнае вогнішча, і не-чалавек, нахіліўшы галаву, ласкава кратаў струны і рассыпаў, быццам перліны, звонкія, строгія, патрэбныя словы.

      Дождж аціх, над каменнымі ікламі пагорка ўспыхвалі бляклыя зоры, а цемра за колам зеленаватага святла дыхала зябкаю сырасцю. Лель, скаланаючыся, глядзеў на лютніста, а той, задуменны, асцярожна загасіў гучанне струнаў даланёю і спытаў толькі:

      – І… як доўга?

      Лель няўпэўнена пакруціў галавой: адлічваць


Скачать книгу