Чароўная скарбніца. Людмила Рублевская
не наважваўся парушыць. Улада, якую цяпер было добра відаць, таксама выбралася са сховішча.
– Прабачце, я несвоечасова… я пайду… – прашаптала дзяўчынка.
– Навошта ты зноў прыляцела?! – усхліпнула спадарыня Лілана.
– Я вельмі сумавала па Вухуціку… – адказала Улада.
– Мама! Ты сказала, што я родам з Зямлі?! – голас Вухуціка дрыжаў. – Што гэта азначае?
– Нічога, сынок, ты не так зразумеў! – мама кінулася да яго і абняла.
– Якая таямніца не павінна раскрыцца? Пра што ты гаварыла? – не сунімаўся Вухуцік.
Спадарыня Лілана не адказвала, па яе шчоках беглі слёзы.
– Я з Зямлі? Я не ваш? Таму і не падобны да вас? У мяне дзве нагі, а ва ўсіх вухуцян па пяць… Чаму так? Я хачу ведаць праўду! – Вухуцік глядзеў прама ў вочы маме.
Яна маўчала, адказаў яму тата:
– Ты наш, сынок! Мы твае бацькі, бо чакалі твайго з’яўлення на свет, бо першымі ўзялі цябе на рукі, гадавалі, бо любім цябе бязмежна! Твой нос падобны да майго, а ліхтарык як у мамы. Ты – наш!
– Як я звязаны з Зямлёй? – спрабаваў дазнацца Вухуцік.
– Давайце сядзем і раскажам нашаму хлопчыку гісторыю яго жыцця, якую сам ён не памятае, – пачуўся глыбокі голас.
На парозе стаялі незнаёмыя Уладзе істоты. Спадар быў зялёнага колеру, на носе-дудцы мацаваліся акуляры, шэра-серабрыстая прычоска сілуэтам аддалена нагадвала грэбень-чубок. Госць абапіраўся на кульбачку. Пад руку яго трымала жоўтая спадарыня, таксама ў акулярах і з высокай прычоскай у некалькі ярусаў, якая па форме і колеры была падобная да шакаладнага кекса.
– Бабуля! Дзядуля! – Вухуцік узрадаваўся гасцям, але голас яго дрыжаў ад перажыванняў.
– Пазнаём нас са сваёй сяброўкай, пакуль твае бацькі будуць ставіць на стол кубкі і гарбату. Так піць хочацца! – сказаў дзядуля.
Мама адпусціла Вухуціка, якога да гэтага моманту трымала ў абдымках, і яны з татам пайшлі выконваць просьбу дзядулі.
Бабуля ўсміхнулася дзецям:
– Сядзем, а то мы так стаміліся з дарогі!
Унук падвёў госцю бліжэй:
– Знаёмцеся – Улада, мая сяброўка з Зямлі. А гэта мае бабуля і дзядуля.
– Вельмі прыемна пазнаёміцца з табой! – шчыра сказаў дзядуля. – Я ведаю, ты ўсім вухуцянам прыдумваеш імёны на зямны манер, і нам бы хацелася мець новую версію. Падбярэш?
Улада яшчэ раз агледзела новых знаёмых і сказала:
– Ваш колер у нас называецца аспарагус, і расліна такая ёсць. Ці спадабаецца вам гэткае імя?
– Гучыць выдатна і нават высакародна, я згодны быць Аспарагусам! – ухваліў дзядуля.
– А спадарыня мае бурштынавае, мядовае адценне. Мёд – гэта такі салодкі ласунак, яго робяць зямныя пчолы. Ці згодныя вы з імем Мядвана?
– Ты адгадала, я вельмі люблю салодкае! І гучыць прыгожа, – пагадзілася бабуля.
Гэтая размова крыху зняла напружанне, але, вядома, не закрыла тэму, якая так усхвалявала ўсіх прысутных. Спадарыня Лілана запрасіла сядаць за стол, паставіла кубкі з гарбатай.
Дзядуля Аспарагус