.
сяброў. А што яму заставалася рабіць? Вядома, Віка ведала, што яму рабіць, крычала, каб ішоў працаваць, ды калеку нікуды не хацелі браць. Зрэшты, Віктар атрымоўвае пенсію, дый ніякі ён не калека, калі толькі духоўны…
…Сёння яна павінна была прыйсці да яго. Ён чакаў дзяўчыну тры гадзіны пасля прызначанага тэрміну, пасля рушыў на Панікоўку. Звычайна Віка там бавіла вольны час. Віктар не памыліўся, яна была там, але не адна і не з сяброўкамі, што Віктар яшчэ зразумеў бы. Віку абкружыла кола здаровых лабастых хлапцоў, адзін абдымаў яе, ціскаў, цалаваў. Віка ўсміхалася, мружачы ад задавальнення вочы, ёй было прыемна. Убачыўшы Віктара, а ён наўмысна паволі ішоў да яе, яна скрывіла пагардлівую ўсмешку.
– А я, дурань, чакаю… – вырвалася ў Віктара.
– Хто гэта? – спытаўся хлопец, які абдымаў яго дзяўчыну.
– Беларускі паэт, – зноў пагардліва ўсміхнулася Віка.
– Гэта цікава, – пазіраў хлопец на Віктара. – Я люблю паэзію, толькі вось на мове яшчэ ні разу не слухаў. Прачытаеш? Я заплачу. Баксамі. Колькі?
Віктар нервова сціскаў кулакі і кусаў губы.
– Хочаш, дваццаць баксаў? Мала? Дам пяцьдзясят. Нейкі ганарлівы ён у цябе.
Пасля гэтых слоў той, хто абдымаў Віку, кульнуўся з лаўкі з паламатым носам: за моц свайго ўдару Віктар ніколі не чырванеў. Ён прыгатаваўся да сур’ёзнай бойкі, але на яго ніхто не звярнуў увагі. Нават Віка. Збіты ім з ног хлопец падняўся, і яна войкала над ім, выціраючы кроў сваёй насоўкай.
– Слухай, беларускі паэт, – прамовіў пацярпелы, – валі адсюль, пакуль я добры! І маліся свайму Купалу, ці як там яго, каб не трапіць мне больш на вочы, задаўлю. А мо табе памагчы знікнуць?…
Акружэнне Вікі ашчэрылася на Віктара ваўчынымі ікламі. Віктар плюнуў у бок дзяўчыны і пайшоў да метро. «Вот и вся любовь!» – як спявае Лагуценка.
– Сука! – выпіў у чацвёрты раз Віктар. Ён глядзеў на халацік, што вісеў на плечыках побач з ягоным паліто. У адно імгненне сашморгнуў халацік з плечыкаў і пачаў яго раздзіраць, пасля шпурнуў на падлогу, стаў рыцца ў паперах, нарэшце выцягнуў два агульныя сшыткі, загарнуў іх у халацік і падпаліў. Твар яго ўсміхаўся.
Віктар распахнуў насцеж акно, каб пасля не смярдзела ў кватэры, і доўга глядзеў, як згарала самае каштоўнае ў ягоным жыцці.
Калі на падлозе застаўся толькі попел, Віктар патэлефанаваў. Ён спытаў Віку, але дома яе не было. Вікіна маці пазнала яго і папытала, што перадаць, ды Віктар гэтага ўжо не чуў. Трубка выпала з ягоных рук.
Віктар выпіў яшчэ, закурыў… Апошняя думка засвідравала ў галаве голасам любімага выкладчыка з філфака: «Лепш бы ты ў баі загінуў, чым накладваць на сябе рукі з-за таго, што цябе нейкая Машка кінула!» Але было позна.
А кватэра маўчала. З кватэры ніжэй, праўда, пачулася «…пожалуйста, не умирай…», але кватэра маўчала, цяпер ужо сапраўднай цішынёй.
Заўтра ўпраўдом схопіцца за галаву, калі пабачыць у сваім журнале, што за ўсё існаванне дома толькі