Мястэчка. Мікола Адам
часопісы на новыя. Яна аддавала перавагу «Хелло», «Сямі дням», «Космаполітану», увогуле тым выданням, у якіх мусіраваліся плёткі пра зорак. Яе шалёна цікавіла жыццё галівудскіх артыстаў, асабліва Арланда Блума, Брэда Піта і Джэнсана Эклса. Прысутныя сталыя дзядзькі і цёткі (амаль усе сталы ў чыталцы былі заняты), уважліва слухалі нейкага хлопчыка, які дэкламаваў, як на ранішніку, рыфмаваныя радкі, штосьці пра казачны замак, у якім заблукала душа. Юля тады падумала, што за трызненне ў галаве ў хлопца? Але нечакана дарослыя людзі, некаторых Юля ведала як вельмі паважаных у мястэчку і за яго межамі, заапладыравалі гэтаму хлопчыку стоячы. Варта было затрымацца і сёе-тое высветліць. Суседка па лесвічнай пляцоўцы, якая працавала ў бібліятэцы прыбіральніцай, сцісла паведаміла, што хлопчык гэты – Коля Кот, што ён сын загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ілоны Васільеўны, што за доўгі нос дзятва яму дала мянушку Пінокіа яшчэ ў першым класе, што ён кожны год выйграе нейкія спаборніцтвы па сачыненнях і што кажуць, быццам Колю Ката Божачка пацалаваў. Юля прызадумалася. Яна таксама пісала вершы і лунала ў паднябессі, калі ніхто не бачыў. Рацыянальны пачатак заўсёды машынальна націскаў на тормаз, калі Юліна ўяўленне забывалася і спрабавала выйсці з-пад кантролю. Дзяўчына баялася насмешак з боку сябровак, якія, Юля не сумнявалася, не зразумеюць яе захаплення паэзіяй і перастануць сябраваць. Прага творчасці прывяла яе да танцаў, але паэзія не жадала сыходзіць і здавацца проста так. Вершы працягвалі пісацца, аднак Юля нікому іх не паказвала. Так, яна ведала пра клуб мясцовых паэтаў, але, ізноў жа, не хацела праславіцца белай варонай сярод аднагодак, калі тыя даведаюцца пра наведванне ёю гэтага клуба. Патрапіўшы ў замкнёнае кола, створанае самой жа, Юля шукала выйсця і, як ёй падалося, знайшла яго ў асобе Пінокіа, толькі не ведала, як да хлопца падступіцца, не выпадала зручнага моманту. Да таго ж вучыўся ён у іншай школе. Юля была ўпэўнена, што яны пасябруюць. Хто, што і як пра яго думаў, дзяўчыну мала цікавіла. Галоўнае, Коля Кот – сапраўдны. З яго дапамогай, магчыма, і Юля пазбавіцца ад страху быць незразуметай. Бо іх будзе двое.
Вярнуўшыся пасля рэпетыцыі дамоў, Юля набрала нумар Пінокіа, зачыніўшыся ў сваім пакоі, каб ніхто не падслухаў. Яна наогул не любіла, калі хто-небудзь слухаў яе размовы па тэлефоне. Коля адказаў, здзіўлена спытаўшы, хто гэта?
– Ты мяне не ведаеш, – сказала Юля ў трубку. – Але я вельмі хачу з табой пазнаёміцца.
– Калі гэта жарт такі, то вы не па адрасе, дзяўчына, – запярэчыў Пінокіа.
– Не вешай трубку, калі ласка, – папрасіла Юля. – Над табой ніхто не жартуе. Мне рэальна патрэбна твая дапамога.
– Але мы ж не знаёмыя, – прагучаў адказ. – Чым я змагу дапамагчы незнаёмаму чалавеку?
– Шмат чым, – запэўнівала Юля. – Давай сустрэнемся, – прапанавала.
– Я прыйду, як дурань, – ізноў засумняваўся Пінокіа, – а ты пасмяешся з сяброўкамі ці сябрамі над разведзеным лохам?
– Навошта ты так? – сумна прамовіла Юля. – Я не такая.
– А якая?
– Табе спадабаецца.
– Гэта