Дзікія кошкі Барсума. Генадзь Аўласенка
ў рэзідэнты на той ці іншай планеце. Зразумела ж, на адной з тых планет, якія, альбо належылі ФІРМЕ, альбо цалком і поўнасцю ад яе залежылі, і рэзідэнт ФІРМЫ быў там, без усялякага перабольшвання, другой па значнасці асобай пасля УСЯВЫШНЯГА.
Аграполіс быў адной з такіх планет, але цяперашняя пасада Скрайфа была далёка не рэзідэнскай. Ён быў усяго толькі загадчыкам аднаго з аддзяленняў ФІРМЫ на Аграполісе, а іх, такіх аддзяленняў, было тут, на планеце, каля тысячы, дакладней, дзевяцьсот восемьдзясят тры.
Вядома ж, для мясцовых фермераў – а планета Аграполіс была населена ў пераважнай сваёй большасці менавіта фермерамі – загадчык аддзялення быў значнай фігурай. Як, дарэчы, і для сваіх уласных падначаленых: трыццаці двух супрацоўнікаў ФІРМЫ самых розных рангаў плюс дваццаці пяці ахоўнікаў, якія, праўда, мелі свайго ўласнага начальніка, а ён, начальнік гэты, непасрэдна загадчыку аддзялення не падпарадкоўваўся. Так што, пасада Скрайфа была, з аднаго боку, даволі значная, з другога ж – такіх загадчыкаў, як і ён, было на планеце яшчэ дзевяцьсот восемьдзесят два, і ўсе яны ў аднолькавай ступені залежылі ад рэзідэнта.
Па злой іроніі лёсу рэзідэнтам Аграполіса быў былы аднакурснік Скіна па навігацыйнай школе, Том Ліўскі. Гэта ён, выпадкова сустрэўшы тры гады таму Скрайфа, прапанаваў яму гэтую пасаду на Аграполісе. Скрайф, які ўжо амаль страціў усялякую надзею хоць чаго-небудзь дабіцца ў жыцці, ухапіўся за гэтую прапанову, як за апошнюю выратавальную саломіну. Ён быў вельмі ўдзячны тады былому свайму сябру… зрэшты, вельмі блізкімі сябрамі яны ніколі не былі. Так, знаёмымі…
У той далёкі час кадэт Том Ліўскі адчайна зайздосціў кадэту Скіну Скрайфу, як і пераважная большасць іх аднакурснікаў, дарэчы. Скіну прадказвалі вялікую будучыню… ды ён і сам амаль што паверыў у гэта тады.
Скін уздыхнуў і, адарваўшыся, нарэшце, і ад справаздачаў, і ад горкіх сваіх успамінаў, узняў галаву. Ён паглядзеў на фермера, які гарой узвышаўся перад ім. Фермер усё яшчэ азіраўся вакол, у марных пошуках крэсла. Ці, хаця б, табурэткі…
«Пастаіш! – з нейкай амаль непрытоеннай зласлівасцю падумалася Скіну. – Не разумею, чаму з кожнай дробяззю трэба абавязкова перціся да мяне?! Як быццам няма намесніка… дзяжурных няма, у рэшце рэшт!»
– Дык вы кажаце, пачала ўспамінаць… – Скін зноў кінуў касы позірк на шматлікія дакументы, якія ў поўным беспарадку ляжалі зараз перад ім і загруджвалі сабой значную частку стала. Дакументаў было шмат, вельмі нават шмат… трэба будзе неяк сабрацца з духам і прывесці іх усё ж у належны парадак… – І што ж такога яна ўспомніла, містэр… містэр…
Ён зноўку забыўся прозвішча наведвальніка.
Фермер даволі няўклюдна пераступіў з нагі на нагу.
– Яна заявіла, што жыла калісьці ў палацы! – буркнуў ён, не зусім ахвотна.
– У палацы?! – рыжаватыя бровы Скрайфа ўзляцелі высока ўверх. – Цікава, цікава! У палацы, кажаце?
Нічога не адказваючы, фермер толькі моўчкі паціснуў шырокімі плячамі. Бачна было, што ўсё гэта яму зусім нават не цікава. Як яго там… О’Ніл,