Ключ, які нічога не адмыкае (зборнік). Генадзь Аўласенка
да маці і пяшчотна пагладзіла яе па шчацэ. – Яны сказалі мне, што бабулі там будзе добра!
Жанчына са словамі «Прабачце, доктар!» раптам ускочыла з крэсла і, прыціснуўшы насоўку да вачэй, таропка выбегла з кабінета. Дзяўчынка нейкі час глядзела на прачыненыя дзверы, потым села на месца маці і зноў павярнулася да псіхатэрапеўта.
– Мама не верыць, што я іх бачу, – сказала яна, крыху сцішыўшы голас. – Яна думае, што я ўсё гэта толькі прыдумляю. А вы мне верыце? – раптам спытала яна псіхатэрапеўта. – Ці таксама лічыце, што я хлушу?
– Ну, зразумела ж, я так не лічу! – сказаў псіхатэрапеўт, крыху сумеўшыся пад гэтым ясным і даверлівым дзіцячым позіркам. – Я не лічу, што ты хлусіш, але… ведаеш, часам бывае, што чалавек раптам пачынае бачыць тое, чаго на самай справе няма. Гэта называецца…
– Галюцынацыяй? – перапыніла псіхатэрапеўта дзяўчынка. – Мама і пра гэта мне казала! Толькі яны не галюцынацыя, гэтыя чырвоныя чалавечкі! Яны сапраўдныя…
У гэты час у кабінет вярнулася жанчына. Яна паглядзела на дачку і, не падыходзячы да стала, апусцілася на самы край кушэткі, што стаяла каля сцяны. Насоўку жанчына па-ранейшаму нервова камечыла ў далонях.
– Ну што ж… – Псіхатэрапеўт уздыхнуў і пачаў хутка запаўняць нейкі чысты бланк. Потым ён адклаў асадку ўбок і зноў паглядзеў на дзяўчынку. – Скажы, а потым… ты іх бачыла потым? Пасля таго, як… Ён змоўк, не ведаючы, як лепш закончыць фразу.
– Пасля таго, як бабуля памерла? – здагадалася дзяўчынка. – А то! Я іх часта сустракала потым на дварэ, праўда, ніколі зблізку. А пасля яны зноўку наведаліся да нас. Гэта было, калі захварэла цётка Рая…
– Мая сястра! – падала голас жанчына. – Яна жыве з намі.
– Жыве? – Псіхатэрапеўт уважліва паглядзеў на жанчыну. – Дык яна… ачуняла?
– Ну, так! – жанчына сцвярджальна кіўнула. – У яе быў рак, прытым у самай запушчанай форме, а потым… потым яго раптам не стала…
– Як не стала? – спытаў псіхатэрапеўт. – Быў, і не стала?
Жанчына зноў кіўнула.
– Урач, які лячыў яе, сказаў, што гэта вельмі падобна на цуд! І што ён ніколі не паверыў бы, што такое ўвогуле магчыма… не паверыў бы, калі б сам не лячыў яе, калі б хто-небудзь іншы расказаў яму гэтую гісторыю…
– Проста я папрасіла чалавечкаў не чапаць цётку Раю! – сказала дзяўчынка. – Я растлумачыла ім, як сумна мне будзе без цёткі Раі…
– І яны паслухаліся? – з нечаканай цікаўнасцю спытаў псіхатэрапеўт.
Дзяўчынка кіўнула.
– Яны заўжды цябе слухаюцца?
Дзяўчынка паціснула плячыма.
– Не ведаю, я іх больш ні аб чым не прасіла. Я сказала ім, каб яны не чапалі цётку Раю, і яны адразу ж зніклі… А ведаеце, – яна зноў сцішыла голас, – тут, у вашай бальніцы, іх вельмі шмат! Нават у гэтым кабінеце!91
Псіхатэрапеўт міжволі агледзеўся па баках.
– Ну, ты і фантазёрка!
Доктар стрымана засмяяўся, але яго ніхто не падтрымаў і таму ён адразу ж змоўк. Дзяўчынка глядзела на псіхатэрапеўта неяк вельмі ўжо сур’ёзна і ўважліва, а яе