Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў
пераможнага напою перарваў тэлефонны званок. З неахвотай жыхара Лайдаччыны я падняў слухаўку. Незнаёмы мужчынскі голас з ледзь прыкметнай картавінкай удакладніў: – Эраст Пятровіч?
– Не, – раззлавана адказаў я, нібы мяне адарвалі не ад келіха, а ад грудастай бландзінкі.
– Гэта нумар 29071988? – перапытаўся незнаёмец.
– Так, – маё раздражненне нарастала.
– Паклічце, калі ласка, Эраста Пятровіча.
– Гэта герой іншага рамана. Мо’ вам патрэбны Эрнест Скіргайлавіч?
– Ой, прабачце, сапраўды Эрнест Скіргайлавіч, – збянтэжанасць на тым канцы дроту падалася фальшывай.
– У такім разе вы размаўляеце менавіта з ім, – ганарліва сказаў я, цудоўна разумеючы, што насамрэч незнаёмец гаворыць не столькі са мной, колькі з часовым сімбіёзам майго арганізма і шампанскага.
– Яшчэ раз выбачаюся. Я Сяргей Аляксандравіч Відаў-Вошчанка. Марына Нарымунтаўна вас папярэджвала?
– Так, папярэджвала, – я імгненна ўспомніў словы Любартавай. – Але наўрад ці ў мяне атрымаецца вам дапамагчы.
– Вы не перажывайце. Тут няма ніякае крамолы. Мне сапраўды трэба пагаварыць з вамі пра сёе-тое. Калі вам зручна? Я магу да вас на працу прыйсці, калі жадаеце.
– На працу? – зніякавела перапытаў я.
– Да вас асабіста, без удзелу адміністрацыі.
– Калі так, дык давайце ў суботу. У пятніцу ў нас дзень здароўя. А ў суботу я прыйду адмыслова, каб папрацаваць з дакументацыяй.
– Так. Ёсць. Субота. Аб якой гадзіне?
– Не раней за адзінаццатую.
– Ёсць. Зразумела. Дзякуй. Я вам патэлефаную.
– Нясцерпна чакацьму.
– Усяго добрага, Эрнест Скіргайлавіч.
– Бывайце здаровы.
Колькі секундаў я трымаў слухаўку ў руцэ, спрабуючы ўтаймаваць узрушанне: божачкі, мне ж пазваніў сапраўдны супрацоўнік КНАКС! Але ўзрушанне не было доўгатрывалам і хутка сышло на нулі. Кінуўшы слухаўку, я пайшоў дапіваць шампанскае.
13
Наступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.
Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты