Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
, насамрэч вызначыць даволі складана. “Бэзавы і чорны” – вялікае эсэ пра вобраз Парыжу ў беларускай літаратуры, ад ХІХ стагодзьдзя да нашых дзён. Пры ахвоце яго можна ўспрымаць таксама як гід (а хутчэй, антыгід) па Парыжы для тых, каму цікава зьвязаць прыгожае пісьменства з канкрэтнымі месцамі францускай сталіцы. Часам аповед нагадвае раман, часам – падарожны дзёньнік. Адзін з разьдзелаў кнігі – гэта паўнавартаснае апавяданьне пад назвай “Магіла Нестара Махно”. У гэтай эстэцкай кнізе багата асабістага, балючага, суб’ектыўнага – усяго таго, чым жывіцца літаратура ва ўсе часы, а таксама шмат арыгінальных цытатаў. Сярод аўтараў, творы якіх згаданыя ў “Бэзавым і чорным”: Дунін-Марцінкевіч і Акудовіч, Шамякін і Янка Маўр, Адам Глобус і Кастусь Акула, Хадановіч і Быкаў, Вальжына Морт і Куляшоў… А таксама такія беларускія пісьменьнікі, як Джойс, Кафка, Набокаў і Гайнэ.
1. Шпага. Менск. Імпэрыя
На Раство 1979 году савецкае тэлебачаньне зрабіла народу шыкоўны падарунак – трохсэрыйны фільм “Д’Артаньян і тры мушкетэры”, зьняты знакамітай Адэскай кінастудыяй. Тэлевізія ведала, штó пакласьці пад ялінку лянівым бязбожным падлеткам і іхным працавітым бацькам. Кіно зрабілася культавым – гэткім і застаецца для ўсіх добрых людзей, якія жылі ў імпэрыі зла.
Пакласьці пад ялінку?.. Так, ялінкі ўжо стаялі ў сваіх цесных ганаровых кутах, побач з тэлевізарам і сэрвантам, які таксама ўвесь час нешта паказваў. Маму, тату, наша няхітрае жыцьцё, нашу фамільную парцаляну – і тую самую ялінку. Так, ялінкі даўно стаялі ва ўсіх кватэрах, і на кожнай падрыгвалі і паблісквалі цацкі, як падвескі Ганны Аўстрыйскай. Але што да самога Раства, тут трэба быць асьцярожным. Ні пра якае Раство, а пагатоў заходняе, буржуазна-каталіцкае, у нас тады нават ня згадвалі. У сюжэце і пэрсанажах неверагоднай Каляднай гісторыі пра Збаўцу я разьбяруся толькі гадоў празь дзесяць, а да гэтага буду проста абыякава прапускаць у кніжках словы “Раство”, “Хрыстос”, “пакутнік”, “цуд”. Яны будуць падавацца адзнакамі загранічнага кніжнага стылю: хрэн ведае, да чаго яны і што значаць, але гучыць прыгожа. Галоўнае, каб не заміналі інтрызе.
Ялінкі стаялі і чакалі Новага году. А з экрана прывабна бомкала Адэская кінастудыя, надзімаючы ў душы нейкія дзіўныя ветразі, папярэджваючы, што зараз пачнецца фільм, і калі ты прапусьціш цітры, будзеш сам вінаваты. Напэўна, я быў занадта малы, каб пабачыць прэм’еру – але фільм паўтаралі кожны год, і кожны Новы год мала чым адрозьніваўся ад папярэдняга. Усе ялінкі на адзін твар, як гвардзейцы кардынала. Думаю, упершыню я па-сапраўднаму паглядзеў таго “Д’Артаньяна” ў 1981-м. І адразу пайшоў майстраваць сабе шпагу.
Шпагі былі даўгія, з алюмінію, сьветла-шэрага і гнуткага. Дзе яго бралі, ня памятаю, але шпага была ў кожнага хлопчыка – калі, вядома, ён сапраўдны мужчына і мушкетэр. Дзяржальны, або, па-простаму, ручкі ў шпагаў былі вітыя, мудрагеліста закручаныя, важкія, дужа прыемна было выхопліваць такую шпагу і трымаць у руцэ. У тыя гады ўсе раптам пачалі размаўляць на францускі манер і зьвяртацца адзін да аднаго на “вы”: “Зашчышчайцесь, мэсье” – і выпад, і ўкол у бок, і выцеклыя вочы: па адным-два на кожны раён. Культавы фільм патрабаваў ахвярапрынашэньняў. “Я вызываю вас на дуэль!” – і алюміневы клінок утыкаецца ў паветра, і так хочацца пабачыць чужую кроў, што зусім ня думаеш пра сваю. Паўсюдна зьвінелі алюміневыя дуэлі, забароненыя, але таму яшчэ больш няўрымсьлівыя. Абмяркоўвалі д’Артаньяна – і досыць крытычна: “Ён жа амаль не фэхтуе, ён усіх нагамі і кулакамі мочыць!” Затое перамагае – і гэта быў жалезны аргумэнт нашых алюміневых двубояў. Адмовіцца ад дуэлі азначала прызнаць сябе пераможаным. Страх быў толькі адзін: за сваю зробленую з такой любоўю шпагу. Яе маглі адняць старшаклясьнікі – і зламаць на тваіх вачах, паглуміўшыся над тваім рамантычным выглядам, а то і надаваць табе гэтай шпагай па галаве, проста так, у імя выхаваньня. Але фільм казаў, што перамога зла можа быць толькі часовай. Напэўна, Рональд Рэйган думаў пра імпэрыю, дзе мы жылі, тое самае. Ён меў рацыю, а мы – свае сьмешныя шпагі. Ён меў жуйку, а мы сьпявалі пра “черный пруд, где ліліі цветут”, хаця чым ліліі адрозьніваюцца ад рамонкаў, а “пруд” ад басэйна, уяўлялі сабе досыць цьмяна.
Кожная пекная дзяўчынка – Мілэдзі або Канстанцыя, кожны дарослы – кардынал, а кожны школьны адмарозак – тупы гвардзеец. “Д’Артаньян” вучыў абараняць справядлівасьць нават там, дзе цябе пра гэта ня просяць, заступацца за дзяўчат і бачыць у іх калі ўжо ня belles Dames sans merci, дык прынамсі ня менш чым каралеваў. Фільм вучыў не баяцца ні бога, ні чорта, ні кляснага кіраўніка, вучыў, што найлепшымі дабрадзейнасьцямі для мужчыны ёсьць адвага, віно, сяброўства, вернасьць і пачуцьцё гумару. Часам мне і цяпер здаецца, што гэта ня самы горшы джэнтльмэнскі набор. А часам я са смуткам думаю, што ўсе гэтыя важныя і дужа рамантычныя рэчы зазналі ў нас з часам такую трансфармацыю, што лепш бы нас ім ніколі не вучылі. Адвага ператварылася ў скандальнасьць, віно – у хранічны алькагалізм, сяброўства – у неабходнасьць трываць надакучлівых занудаў, “зладзеяў і пасквілянтаў”, ад якіх ня ведаеш, як пазбавіцца, вернасьць – у панылы кансэрватызм, гумар – у дэпрэсіўную клаўнаду і злыя жарты з таго, хто слабейшы. Зрэшты, у іншых бывае і горш: вакол усё больш баязьлівых канфармістаў, якія ня ўмеюць