Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
“Айчынная журналістыка”, ня вельмі прыгожая, але абаяльная афіцыянтачка з талентам публіцыста, ад яе чакалі, што праз пару-тройку гадкоў яна пачне падаваць і буйныя, па-майстэрску прыгатаваныя стравы на замову патрабавальных дзяржаўных кліентаў. Аднак на іспытах узьніклі праблемы: Ірына заваліла адзін, другі, трэці, на пераздачу не прыйшла, і ўвосень стала вольнай як падхоплены ветрам пусты цэляфанавы пакет.
Празь некаторыя асаблівасьці арганізму жанчын у нашай краіне ў войска не бяруць; Ірына досыць лёгка ўладкавалася ў “Газэту № 13”, тую самую, дзе праходзіла практыку, нармальна зарабляла, на даляглядзе віднелася магчымасьць паступаць наноў. Сьвіст не пакідаў яе, засеў недзе глыбока, вуркатаў ціхенька і ў параўнаньні з тым, што адбывалася з Ірынай той жахлівай вясной, яе цяперашняе існаваньне стала цалкам цярпімым; яна нават звыклася са сьвістам, ён ператварыўся ў непрыемнага, але заўсёднага спадарожніка яе жыцьця. Ціхі, ненавязьлівы сьвіст.
41
Упершыню я пабачыў Ірыну на адной прэс-канфэрэнцыі, той самай, скандальнай, пра якую ведае кожны гарадзкі журналіст і нічога ня чуў ніводзін шараговы чытач. Я тады якраз уладкаваўся карэспандэнтам у “Газэту № 78”, маленькую, пошлую – я адтуль зьбег праз два месяцы й дагэтуль не разумею, як мяне магло туды занесьці. Прэс-цэнтр, ледзь прыкрыты скамечаным дзяржаўным сьцягам, лянотна аддаваўся намесьніку міністра культуры, які брыдкім голасам распавядаў пра падрыхтоўку да гарадзкога сьвята. Ірына сядзела за круглым сталом, усім сваім выглядам дэманструючы, што яна поўная сілаў і энэргіі – упэўненая юная тыгрыца над абглоданай косткай мікрафону. Мне ж – я сядзеў у апошнім радзе, надзейна схаваўшыся ад тэлекамэраў за сьпінамі калегаў, “настаяшчых” журналістаў – было цудоўна відаць усю жаласьлівую фальшывасьць яе намаганьняў; раз-пораз Ірына падносіла ўказальны палец да вуснаў, нібыта задумаўшыся, і я разумеў, назіраючы за панічнай дрыготкай падушачак, што яна кусае сабе пазногці, моцна, да крыві. Намесьнік усё казаў ды казаў, задуха труціла любую жывую думку ў гэтым прапахлым страхам памяшканьні, мазаіка на сьценах нешта значыла, але што? Зь цяжкасьцю пралезшы ў дзьверы, у залі зьявіўся заўсёдны спазьніўца, стары камсамолец з “Газэты № 5”, грузна прабег да зарэзэрваванага для яго месца, мімаходзь пагладзіў Ірыну па плячы – толькі я ў гэтым маўзалеі заўважыў, як уздрыгнула яна, як уцягнула галаву ў плечы, а потым, зь нечалавечым напружаньнем, зноў выпрасталася й паспрабавала самаўпэўнена пасьміхнуцца. Я ня слухаў, голас намесьніка быў для мяне толькі роўным і непрыемным гулам, я нічога не запісваў, дый навошта – у мяне ўжо меўся прэс-рэліз, дзе было пазначана ўсё патрэбнае. На каленях ляжаў блякнот, я ўпотай падняў да твару рукі й паглядзеў на іх – успацелая, бледная, нездаровага колеру арганіка з доўгімі лініямі жыцьця.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив