Праклятыя госці сталіцы. Альгерд Бахарэвiч
гурту кожная магла б быць ягонай мамаю.
Назар пакутліва імкнуўся зразумець, чаго ж ад яго хочуць усе гэтыя малыя й вялікія людзі. Аднак марна ён спадзяваўся, што калі-небудзь яму адкрыюцца іхныя сакрэты. Ад напружаньня яму часта балела галава – кволы Назараў розум настойліва чапляўся за думку, што ў падзеях, удзельнікам якіх яго прымушалі станавіцца, маецца нейкая прыхаваная заканамернасьць: ухапіць бы яе за хвост, і тады можна будзе стаць часткай зьвяна. Неўзабаве ён адмовіўся ад такіх пошукаў – высьветлілася, што неабходна проста глядзець на іншых, і яны ўтрымаюць цябе на паверхні.
6
Аднойчы ўзімку хлопчыкаў, зь якімі Назар быў вымушаны дзяліць блакітны пакой на другім паверсе школы, маладая крыкуха паставіла ў рад тварамі да сьцяны й загадала не азірацца. Назар Мінус паслухмяна замёр; хвіліны ішлі павольна, бы сьняжынкі за вакном; нехта зьлева калупаўся ў носе. Блакітная сьцяна ад доўгага сузіраньня выядала вочы нібы хлёр. “Раз, два, тры!” – заенчыла настаўніца. Дазволена было абярнуцца. На іх кінуліся дзяўчынкі, да міргаючага, успацелага Назара падбегла лядашчая Наташа Рабецкая, надзела на шыю чорную палку з плястмасы, прамармытала нешта неразборлівае й пасьпешліва ўцякла ў бясьпечны жаночы статак.
Жывы куток школы складалі маркотны кот, якога кармілі ліверкай, і мікраскапічная птушка. Бывала, на занятках ката засоўвалі ў пусты акварыюм, і рота школьнікаў вісела над ім, расьпіхваючы адзін адного лакцямі. Кот шыпеў, выгінаў хвост, але потым скараўся й, сьцяўшыся, беспасьпяхова спрабаваў схавацца між празрыстых сьценак. Дзеці ўпотай чакалі, калі ж кот наробіць ад страху – усім была цікавая рэакцыя настаўніцы. Кот з сумнай зайздрасьцю глядзеў на птушку ў клетцы. Назар з казак ведаў, якая сувязь існуе паміж катамі й птушкамі, ён адчыніў аднойчы клетку й праз паўгадзіны насельніцтва жывога кутку скарацілася на адну істоту. Яго абазвалі загадкавым словам “фашыст”, і з таго часу прыродазнаўства ў Назара Мінуса неяк не ішло.
Часам Назару здавалася, што разгадка блізкая, у ягонай галаве цьмяна мігцела нешта падобнае на разуменьне, заставалася зрабіць некалькі крокаў да той запаветнай рыскі, за якой аднаклясьнікі, узяўшыся за рукі, смакталі з дарослых пажыўны сок дзяцінства – Назар ступаў наперад, і тут жа на яго, нібы аркан, налятаў неадчэпны ўспамін: ён, Назар Мінус, сіненькі, няздатны да плачу, на паўшляху паміж тым сусьветам і гэтым, назад дарогі няма, а ёсьць толькі выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, права на які належыць зусім не яму. І перад такімі згадкамі любыя аўтаматы Калашнікава і птушкі Пржэвальскага выглядалі лухтой.
7
“Не разумею”, – крэмзаў ён пальцам па замерзлым шкле; перапынак паміж урокамі набліжаўся да заканчэньня. Цоканьне абцасаў за сьпінай прымусіла Назара здрыгануцца, ягоныя аднаклясьнікі ўжо біліся за проймы дзьвераў. Назар пасьпеў аднак зьнішчыць напісанае, на далонях блішчэла вада. “Што гэта ты тут, а?” – завуч малодшых клясаў Алена Станіславаўна схапіла Назара за плечы й зьлёгку