Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд Бахарэвiч
станавілася дыфтонгам; напэўна, недзе ў падсьвядомасьці Сафіі гэта мусіла падкрэсьліваць адмысловую конскасьць працы. Схадзіла да банкамата і зьняла амаль усё, што было на рахунку, на ўсялякі выпадак. Калі вярнулася і села ў кухні ля акна, адкрыўшы куплены ёгурт і прагна паглынаючы яго сталовай лыжкай, то першым, што кінулася ёй у вочы, стала адсутнасьць сьмецьця ў кантэйнэры, да якога ўвечары яна выправіла свайго мужа. Нібы нехта замёў сьляды. Мусіць, пакуль яе не было, прыяжджала машына і забрала ўсё сьмецьце. Гэта ж відавочны факт, папярхнулася яна – і ўсё ж ёй стала яшчэ больш не па сабе. Відаць, яна яго ўсё ж кахала. Як дзіўна, сказала сабе Сафія, пры чым тут гэта.
Яе вялікі, недалёкі і сьветлы, як раённая паліклініка, муж Сіманенка быў чалавек добры… Шчыры… Што яшчэ? Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын), добры, шчыры… Вялікі – у сэньсе такі мядзьведзь. Недалёкі, так – мог вось, напрыклад, узяць сканворд і не адгадаць за вечар ніводнага слова. Патэлефанаваў ёй неяк і дурным, радасным голасам паведаміў, што іхнага начальніка пасадзілі за хабар. Нібыта новы браць ня будзе. Купляў лятарэйкі. Шчыра верыў, што сяброўка Сафіі Вера, якая працавала ў бардэлі ў турэцкім Карсе, спэцыялізуецца выключна на танцах. Хаця тая як ужо толькі ні зьдзеквалася зь беднага Сіманенкі, апісваючы свой нудны job. Забываў рэшту ў краме. І гэтая гісторыя зь мясам… Як гэта ён яшчэ каніны не прыцягнуў. Куонь. Куонская каўбаса. Вось гэта што – гэта недалёкасьць ці няўважлівасьць? Ці проста тупасьць? Сафія адчыніла акно і ўтаропілася на пусты кантэйнэр для сьмецьця. Яна раптам раззлавалася на мужа так, што вырашыла чагосьці выпіць. Наліла сабе віна, хаця й ведала, што будзе балець галава. Пасьля віна зьнікненьне Сіманенкі стала падавацца ёй добра сплянаванай акцыяй, накіраванай супраць яе, Сафіі. Спробай пазьбегнуць адказнасьці – тыпова мужчынскім дзеяньнем, якое, на думку мужчын, ураўнаважваецца прынесеным імі мясам. Мясам невядомага паходжаньня. Кім была сплянаваная акцыя? Ды ім, зьніклым Сіманенкам. Сафія хрыпата рохкнула. Думка пра тое, што Сіманенка мог нешта сплянаваць, ды яшчэ ажыцьцявіць сплянаванае, падалася ёй бязглуздай. Але, нібы ў пацьверджаньне гэтай вэрсіі, пайшоў дождж, паліў на пусты, як сцэна, двор, у спарожнены кантэйнэр для сьмецьця, у выстаўлены на падваконьне келіх, у душу Сафіі. Ад дажджу лысеюць. Яна прыбрала келіх і паспрабавала зачыніць акно, але асаблівага падыходу Сафіі акно не прызнавала, таму яна паклала на падваконьне ангельскі слоўнік, прыціснуўшы ім раму. Праз шчыліну былі чуваць нейкія сырэны. Сырэны, сырыя старонкі, саркастычныя позіркі. Сафія ссунула фіранкі і села на стол. Пазванілі зь Сіманенкавай працы, спыталі, дзе ён. «Захварэў», – адрывіста сказала Сафія і кінула слухаўку. Дзе ён падзеўся. Дзе. Вядома ж, гэта магла быць і баба. Якая можа адрозьніць карову ад сьвіньні. Нават у такім выглядзе. Характарыстыка. Чаму ў гэтым слове так і чуецца нейкае харканьне? На грамадзяніна Сіманенку. Вялікі, недалёкі, сьветлы (у сэньсе бляндын). Добры, шчыры. Няўважлівы. Няздарны. Тупы.