Радзіва «Прудок». Андрусь Горват

Радзіва «Прудок» - Андрусь Горват


Скачать книгу
да Радаўніцы.

* * *

      А вы ведаеце пра традыцыю падпальваць цыгарэту і класці на магілу памерламу курцу? Мой дзядзька зараз так «курыць». Учора да яго прыязджалі мае дваюрадныя сёстры, прывезлі пакурыць.

* * *

      У скарбонку беларускай лаянкі: «Маць яго дыхала!». Перакладаецца так: «Шурык такі-сякі, але няхай робіць што хоча, я больш умешвацца не буду».

* * *

      Радзіва «Прудок». Паведамленне з лініі фронту: «Прудокнаш».

* * *

      Маша цікавіцца, чаму я не жыву ў Варшаве. А я сёння пасадзіў буракі, моркву, рэдзьку, цыбулю, часнок, кроп, пятрушку. Зараз пайду па лазу, каб сплесці кошык. Што, у той Варшаве кроп зелянейшы, Маша?

* * *

      Сублімую сексуальную энергію ў пасеў гародніны. І будзе ў мяне восенню сексуальны ўраджай. Вельмі-вельмі-вельмі багаты.

* * *

      У Каленкавічах дзеўкі ў кароткіх спадніцах і высокіх ботах. Мабыць, пра такіх казала баба Параска, калі перасцерагала мяне ад жонкі-лацугі.

      Але я на тых дзевак глядзеў яшчэ да таго, як памыўся. Нямытым адно што глядзець можна. Калі памыўся, дзевак ужо не ўгледзеў. А калі б і ўгледзеў, то што?

      Вы праслухалі новую радзіварэфлексію «Горват і дзеўкі». Не пераключайцеся.

* * *

      У мяне зноў расце барада. Не наўмысна яе рашчу – проста няма ўмоваў галіцца, дый у люстэрка сябе бачу, толькі калі прыязджаю да цёткі Волі ў Каленкавічы (опа, а я зноў барадаты). Адзін дзядзька ў Прудку сёння сказаў, што я падобны да святара. Параіў павесіць на страху крыж, а ў хаце – абраз. Людзі будуць прыходзіць маліцца. Абраз у мяне ўжо ёсць. Мая бабця прыцягнула з Пскова Дзеву Марыю.

* * *

      Колісь ліштвы вокнаў па-паганску аздаблялі сімваламі сонца, каб у хату не трапіла штосьці цёмнае і злое. Гэта ніякая не навіна, нават самы лянівы этнограф пра гэта ведае. Але чытаць пра тое ў кнігах не тое самае, што ламаць сабе галаву: мой дзед, калі выразаў сонейкі, хацеў абараніць хату ад цёмнага і злога ці проста аздобіў вокны традыцыйнымі сімваламі без усведамлення іх значэння?

* * *

      Не ведаю, што сёння зрабілі вы, а я дык зрабіў нейкую драўляную хярню-вешалку. Сяджу, гляджу на яе і радуюся.

      Пакуль я рабіў вешалку, Ромка спаймаў сваю першую мыш. Як той кажа, усе пры справе.

      Расказвае мне, што яму падабаюцца мышы і што я мушу менавіта такую ежу купляць яму ў краме. Я таксама люблю мышэй, але жывых, таму раблю выгляд, што нічога не разумею.

      – Гэта твая прырода, – кажу. – Калі-небудзь і цябе зʼядуць.

* * *

      Учора быў у Боруску. Дзядзька Валодзя сказаў, што адчувае пах дыму і што вецер нехарошы. Я нічога не адчуваў. Ён мне ўвесь час:

      – Ну, от зараз панюхай.

      Вечарам прачытаў пра пажар ля Чарнобыля. Раніцой не ўбачыў свайго леса: ён стаў сівым ад дыму. Праз гэты дым няможна дыхаць. Як гаворыць баба Васіліна з Каранеўкі – у грудзях зацінае.

* * *

      На Палессі маленькіх кусачых мошак называюць маскалямі.

      – А хто то так казаў?

      – А то шчэ колісь казалі.

      Травень

* * *

      Усё самае страшнае пачынаецца словамі: «Ничто не предвещало беды». Ранак. Восем гадзін. Заліты сонцам


Скачать книгу