Cіні карабель у блакітным моры плыве. Сяргей Дубавец
ўсьміхаецца менавіта яму. Але тое, што перад ім тут быў Зелба, прымусіла яго задумацца.
Не, Кайлюс ня ведаў пачуцьцяў зайздрасьці або ўласнасьці або здрады. Ён, як і Зелба, ня ведаў ніякіх пачуцьцяў, апроч натуральных чалавечых патрэбаў. За ўсю іхную супольную службу выпадак з „русалкай“ быў першы, што разварушыў у іх жаданьні, ніяк не зьвязаныя з рэглямэнтам ды сьціплым жаўнерскім бытам.
– Ну, што мы будзем як дзеці хадзіць да яе… – пачаў за вячэрай Кайлюс.
– Мне таксама здаецца, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі працяг, – пагадзіўся Зелба. – Але што мы можам зрабіць?
Што яны могуць зрабіць? Пры патрэбе нешта зрабіць жаўнеры заўсёды думалі пра рыштунак, якога ў іх у прыбудове было шмат. Ня раз яны абмяркоўвалі: а што, калі ў дратах агароджы заблытаецца лось, – якім чынам прыцягнуць яго ў пастарунак. І хоць лось так ані разу і не патрапіўся ім на вочы, але за часы службы іхны плян – што зь ім рабіць – быў да дробязяў абмеркаваны. Згадаўшы пра гэта, Зелба сказаў:
– Давай яе дастанем!
– А ты думаеш, доктар Блюм ня сочыць за ёй гэтаксама, як за намі? – перасьцярог Кайлюс.
– Вядома, сочыць. Але наколькі нам дадзена вырашаць самім, нагэтулькі далёка мы і зойдзем. Там, дзе будзе ўжо нельга, доктар Блюм нас абавязкова спыніць. А пакуль… Пакуль мне вельмі хочацца Лялю.
– А мне Прынцэсу.
Мінус сорак трымалася і назаўтра, калі жаўнеры пастанавілі забраць „русалку“ з ракі. Пра агляд тэрыторыі нават і ня ўспомнілі.
Раніцай Кайлюс гатаваў пад’едак, а Зелба выцягваў з прыбудовы рыштунак – лябёдку, санкі, трасы з крукамі, ледаруб і бэнзапілу.
Кожны думаў пра тое, на колькі ім удасца прасунуцца ў пачатай справе, пакуль не аб’явіцца доктар Блюм – тады ўсё імі задуманае страціць сэнс. Але доктар Блюм не аб’яўляўся. Гэта натхняла іх. І досьвіткам, натхнёныя, яны рушылі да ракі.
Пакуль дайшлі з санкамі, лябёдкай ды іншым рыштункам, над супрацьлеглым берагам пачало ўзыходзіць незвычайнае мякка-ружовае сонца. Моцны мароз паддаваў жаўнерам імпэту.
„Русалка“ паказалася ім пад высьлізганым іхнымі каленямі і локцямі лёдам. Яна была ўсё такая ж лёгкая і жаданая. На хвіліну яны спыніліся ў здранцьвеньні, дакладна гэтак, як тады, упершыню.
І тут зараўла ў руках Зелбы бэнзапіла, зацёхкаў Кайлюсаў ледаруб.
На тле ружовага сонца, што фарбавала ў свой колер усё навакольле, двое мужчынаў у нягнуткіх вайсковых бушлатах улягалі на рачной паверхні, занятыя цяжкай працай. Сцэна цягнулася доўга, але, калі б некаму выпала назіраць яе, ён бы ня здолеў адвесьці вачэй, так гэта ўсё было дзіўна. Заставалася толькі ўявіць сабе музыку – велічную і сьцьвярджальную, з далёкай трывожнай нотай.
Яны не абмяркоўвалі, што й як рабіць, хоць рабілі кожны сваё і паміжсобку зладжана. Гэта цалкам зразумела, калі ведаеш, што яны ўсё робяць разам ужо сто гадоў.
Зелба абпілоўваў лёд вакол „русалкі“, а Кайлюс выдзёўбваў лункі з бакоў. Калі Зелба закончыў, Кайлюс яшчэ выбіваў чацьвертую лунку, і Зелба пачаў ладкаваць