Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская

Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
гаспадары гэтага дома наўрад займаліся падобнымі вычварэнствамі і на радзіме. Пан Баўтрамей Лёднік увогуле ўсім тлумачыў, наколькі шкодныя тыя прыкметы багатай шляхецкай кухні: каб тлуста (нават гарэлку – са сметанковым маслам), каб востра (чым больш дарагога перцу, шафрану ды імбіру ўваліць, тым ганаровей), ну і каб спалучэнні падзіўнейшыя (салёнае з салодкім, ялавічыну з рыбай).

      А цяпер за сталом Чорнага Доктара нават звычайна засмажанага парсючка пакуль не елі… Дый за стол не садзіліся. Бо ганаровыя госці з Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, што мусілі прыехаць з Манпелье, спазняліся, а гаспадары ўсё яшчэ не паспелі нагаварыцца за дні, што прамінулі пасля з’яднання сямейства Лёднікаў.

      У любым выпадку, цукровы пернік у выглядзе ружовага пеўня куды смачнейшы за любую “дарослую” страву, хай сабе і абсыпаную даражэзным шафранам. Сафія Баўтрамеева Лёдневічанка, чароўная ліцвінка амаль двух гадоў ад нараджэння і шляхцянка ў другім пакаленні, задумліва прыкусіла пернічак бялюткімі зубкамі і па-гаспадарску агледзела светлы пакой з высокімі скругленымі наверсе вокнамі. Падлога не гайдаецца, як у цеснай каюце – ужо добра. У шыбы просяцца вясёлыя зялёныя каштаны, заманліва падкідваючы на тонкіх галінках белыя кветкі – быццам анёльчыкі скачуць…

      Сафійка і сама нагадвае анёльчыка – у белай доўгай кашульцы, з-пад якой паказваюцца абшытыя карункамі штонікі. Таненькая, з цёмнымі пышнымі валасамі і вялізнымі, чорнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку. Сонечныя промні прасяваюцца скрозь карункі лістоты і мігцяць на наваскаваным паркеце. Паміж кніжнымі шафамі з чорнага дубу, нібыта прывіды, таямніча святлеюць завешаныя тканінай стаўбуркі – з-пад тканіны выпірае нешта незразумелае.

      А дарослыя ўсё балбочуць. Часцей за ўсё Сафійка чуе “барскія канфедэраты” – доўга і каструбавата, і “Цялок” – адрывіста і паблажліва. Навошта ёй ведаць, што гэта значыць, і чаму дарослыя так хвалююцца? Пасля, як падрасце, ёй, напэўна, распавядуць, што адбывалася ў годзе 1770-м ад нараджэння Хрыстова на ліцвінскіх землях. Як шляхта, абураная тым, што на польскі трон расейцы пасадзілі каханка сваёй імператрыцы Станіслава Панятоўскага па мянушцы Цялок, а той праводзіць нявыгадныя краю законы, з’ядналася ў Барскую канфедэрацыю. І Радзівіл па мянушцы Пане Каханку ім дапамагае, і гетман польны Аляксандр Сапега падумвае далучыцца, і вялікі гетман Міхал Багінскі… – І сам кароль Станіслаў Панятоўскі хацеў да барцаў, але яго адпрэчылі, – сумна гаварыла Саламея Лёднік, яе сінія вочы з прыхаванай мілосцю не адрываліся ад драпежнага профілю гаспадара дома, які сядзеў, панурыўшыся, і круціў у руках парцалянавы кубак з незразумелымі залатымі вензелямі, нібы яму было зусім нецікава слухаць пра далёкія палітычныя мітрэнгі. – Кажуць, жаліўся ангельскаму паслу: “Калі адыду ад Расіі і супраць яе выступлю, мае непрыяцелі будуць першыя, якія з ёй пагодзяцца і мяне прынясуць у ахвяру. Якая ж з гэтага карысць для краю?” Сама больш абмяркоўваюць, што Пане Каханку зноў з’ехаў за мяжу. Ну, ведаеш, мусіць…


Скачать книгу