Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова

Адваротны бок люстра - Ксенія Шталенкова


Скачать книгу
З пагаршэннем самаадчування каралевы горад нібы пакінула радасць, яго ахутала журба і сум. На вуліцах зрабілася шэра і змрочна. Усе былі заклапочаныя становішчам маладой каралевы і жадалі ёй найхутчэйшага вылячэння, але ў той жа час шмат хто пускаў розныя чуткі пра хваробу Барбары, кожны лічыў сваім абавязкам выказаць уласныя меркаванні пра прычыны пагаршэння яе здароўя. Нават у рэзідэнцыі Радзівілаў можна было пачуць гэтыя размовы. Хаця пані княгіня Альжбэта найстражэйшым чынам забараніла такога тыпу плёткі ў сваім доме, і слугі, і прыдворныя працягвалі шаптацца ў змрочных калідорах, дзе ніхто не мог іх пачуць.

      У адзін з такіх невясёлых дзён Бася, вяртаючыся ў свой пакой і праходзячы міма прыёмнай залы, пачула абураны голас княгіні Альжбэты:

      – Ніхто з маіх людзей не здольны на такое злачынства!

      Дзверы ў залу былі не зачыненыя, таму дзяўчынка, вырашыўшы даведацца, хто ж так абурыў кабету і пра якое злачынства ідзе гаворка, схавалася за парцьерай.

      – Ніводны чалавек з маёй світы не здольны на гэта. Я не збіраюся слухаць вашыя галаслоўныя абвінавачванні.

      – Мне вядома, што адна з вашых набліжаных удзельнічала ў змове супраць Яе Мосці пані каралевы Барбары, – пачула Бася знаёмы кплівы голас.

      – У якой змове? Пра што вы кажаце?

      – Ужо дасканала вядома, што на каралеву Барбару былі наведзеныя злыя чары. І гэта зрабіў нехта з вашай світы.

      – А мне вядома, што каралева з самага дзяцінства даволі часта хварэла, таму я ўпэўненая ў тым, што гэта толькі чарговая хвароба, ад якой яна хутка ачуняе.

      – Чаму ж тады каралева адчувае такія неверагодныя пакуты, што ніводны лекар не можа знайсці сродак для іх аблягчэння?

      Княгіня Альжбэта нічога не адказала.

      – Я ведаю, што гэта вашыя людзі, – паўтарыў голас.

      – Ды як вы смееце ўзводзіць паклёп на маіх людзей? Як вы ўвогуле адважыліся прыйсці ў гэты дом?

      – Гэта не паклёп. Я дакладна ведаю, што адна з вашых паненак неаднойчы непаважліва казала пра Яе Мосць і прадказвала яе хуткую смерць.

      – Палова Кракава непаважліва кажа пра каралеву. А іншая палова прадказвае яе хуткую смерць, – парыравала княгіня. – Як я памятаю, «яснавяльможны пан» таксама раней быў лютым ворагам каралевы Барбары. З якой жа гэта нагоды ён раптам пачаў так адчайна бараніць гонар Яе Мосці?

      – Мы зараз кажам не пра мяне, – дзёрзка адказаў голас. – Я прашу пані княгіню вярнуцца да першапачатковай тэмы нашае размовы.

      – Што вам трэба?

      – Адна з вашых паненак абвінавачваецца ў навядзенні чараў на каралеву Барбару!

      – Што вы ходзіце кругом і навокал? Мабыць, скажаце нарэшце, каго вы падазраеце?

      – Я кажу пра новую паненку ў вашай свіце. Барбара, здаецца. Толькі падумайце, якая іронія – вядзьмарку клічуць гэтак жа, як і яе няшчасную ахвяру, нашую каралеву.

      Бася жахнулася: яе абвінавачваюць у вядзьмарстве! Дзяўчынка ўчапілася ў парцьеру і ўся ператварылася ў слых.

      – Адкуль жа пан мае такія сведчанні? – пасля кароткай паўзы спытала княгіня Альжбэта.

      – Паверце,


Скачать книгу