Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
бытнавання два найістотныя моманты: час як час і мысленне як мысленне, – і гэтым завершыў распачатае Міфам стварэнне чалавека як каланізатара быцця.
Тэкст канчаткова падзяляў быццё чалавека на прысутнасць у быцці і рэфлексію над быццём, на наяўнае і намысленае; на рэальнае як змест таго, што было і ёсць і а-рэальнае як змест рэфлексіяў над тым, што было і ёсць, у тым ліку і рэфлексіяй над усімі папярэднімі і самымі апошнімі рэфлексіямі. І яшчэ: Тэкст пачаў намацваць тэарэтычныя падставы для пашырэння ўласна часавай прасторы а-рэальнасці ў наступную праекцыю – у будзе.
Татэмны чалавек быў тым, што ёсць.
Міфалагічны чалавек быў тым, што ёсць і было.
Тэкставы чалавек быў тым, што ёсць, што было і што, магчыма, будзе.
Але ці быў пры гэтым сам чалавек як нехта акрамя таго, што нараджаецца, апладняецца і памірае?
Актуальнасць чалавека
Натуральна, што ў эры Татэму ды Міфу пытанне хто я, чалавек? – не магло паўставаць. Татэмны чалавек дык і ўвогуле роўніў сябе з усім астатнім, радніўся-улучваў сябе ў радавод іншых істотаў, сцьвярджаючы гэтым сваю прынцыповую таясамасць з усім наяўным. Пазней, у эру Міфу, чалавек ужо заўважыў сябе як сябе ў касмалогіі існага, але і тады перад ім не ўзнікала, бо не было скуль і дзеля чаго ёй узнікаць, праблемы я-чалавека. Прысутнасць чалавека прымалася ў значэнні прысутнасці нароўні з усім астатнім, чаму знайшлося месца ў міфалагічным бачанні рэальнасці.
Праблема чалавека паўстала ўжо толькі ў эру Тэксту, яна згуртавалася сярод складак інтэлігібельнага ландшафту а-рэальнасці, куды з універсалісцкіх пагоркаў сплывалі і дзе збіраліся парэшткі рэфлексіўных імпрэсіяў з нагоды быцця існага. Уласна, на пачатку гэта яшчэ таксама не была праблема чалавека, а толькі падставовае для яе ўсведамленне, што існае-для-чалавека ёсць нагэтулькі існым, наколькі чалавек можа ўспрыняць яго ў гэтым значэнні. Таму, калі Пратагор кажа, што «Чалавек ёсць мера ўсіх рэчаў, існуючых – што яны існуюць, неіснуючых – што яны не існуюць», то мы мусім разумець, што тут гаворка пакуль ідзе не пра чалавека, а пра магчымасці спасціжэння формы, зместу і сутнасці быцця праз чалавека як інструмент гэтага спасціжэння.
У рэфлексіўных практыках першых эпохаў Тэкставай эры (эпохі антычнасці – у прыватнасці) яшчэ панавала неабходнасць асэнсавання ўніверсальнага цэлага ў яго анталагічнай ісціне, бо без вызначанасці ў агульным не знаходзіла свайго сэнсавага месца кожнае асобнае. У кантэксце такога падыходу да праблемы, чалавек выдаваў на адно з безлічы следстваў татальнай ісціны ўніверсальнага цэлага і нічым не актуалізаваўся ў нешта такое, што правакавала б на сябе інтэрвенцыю інтэлектуальнай увагі. Прыкладам тут можна спаслацца на Платона, які сцвярджаў, што не існуе ведання аб тым, што ўзнікае, мяняецца і гіне, як і ўвогуле не існуе ведання для адзінкавых рэчаў – толькі ідэі (эйдасы) маюць вечна трывалыя параметры і таму вартыя быць вылучанымі ў аб’ект спазнання.
Зрэшты,