Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік). Юры Станкевіч
куды ці сядзіць у пакоі? – быццам абыякава спытаў іх студэнт Ігнат Мазур.
– Так. Нешта чытае, – адказалі дзяўчаты.
Было даволі цёпла. Клёны, запакаваныя ў асфальт, даўно пакрыліся лісцем. Крама месцілася побач. Ігнат Мазур купіў там бутэльку «Тракіі», плітку шакаладу і ў бабулі, калі праходзіў скверык, букецік палявых кветак. «Поўны джэнтльменскі набор», – іранізаваў ён.
Калі шчыра, – думаў ён пра сябе, – то яму не хацелася б, каб яго сустрэў цяпер хто са знаёмых студэнтаў, асабліва Юля Маракова. І ўвогуле тое, што ён робіць, не вельмі правільна з боку маралі, але тут жа пачаў шукаць і знайшоў сабе апраўданне: ён не ў стане супрацьстаяць сваім пачуццям, і як будзе далей – няхай так і будзе.
Спачатку ён зайшоў у свой пакой. Там быў толькі Міхась Байкоў, які спаў у сваім ложку. Ён быў апрануты і ляжаў зверху на коўдры. Побач – раскрыты падручнік. У неспакойным сваім сне Байкоў часам нешта мармытаў і некалькі раз паскрыгатаў зубамі. «Паразіты ў яго завяліся, ці як?» – падумаў, збіраючыся, студэнт Ігнат Мазур. Схаваў у пакет тое, што купіў, нават кветкі, і рушыў да выхаду.
Ён падняўся паверхам вышэй, спыніўся перад знаёмым пакоем і некалькі разоў пагрукаў. Урэшце ключ у замке павярнуўся і дзверы расчыніліся. Студэнтка Святлана Конкіна моўчкі глядзела на яго з блізарукім прыжмурам.
– Варта і папярэджваць, – сказала яна быццам незадаволена. Але ён мог бы паклясца, што гэта не зусім так.
– Люблю знянацку.
– Не прыбрана. Ты надоўга?
Замест адказу ён дастаў з пакета віно, працягнуў дзяўчыне кветкі.
Паўза.
– Як гэта зразумець, Ігнат? – спытала студэнтка Святлана Конкіна. Нязменная, ледзь бачная таямнічая ўсмешка ўжо блукала ў кутках яе вуснаў. – Можа, ты зноў не ў той пакой зайшоў?
Дзяўчына стаяла ад яго так блізка, што ён адчуў слабы пах яе цела, парфумы і ледзь перамог імклівае жаданне абняць яе і моцна прыціснуць да сябе.
– Прысядзь, Ігнат. А тое ты як слуп нада мной. Кветкі пакуль у ваду пастаўлю. Ну, дзякуй. Не чакала. І Мараковай кветкі носіш?
– Ты якой нацыянальнасці, Святлана? – раптам спытаў студэнт Ігнат Мазур.
– Навошта табе?
– Нічога пра цябе не ведаю.
– Па бацьку ёсць угра-фінскія карані, я з Таліна, ён там быў капітанам сухагруза, а па маці… Якая табе, урэшце, розніца? Ты за гэтым прыйшоў?
– Прамінём, калі так, – сказаў Ігнат Мазур.
– Ты пакуль адвярніся, а я на сябе зірну ў люстэрка, – дзяўчына засланілася ад яго палавінкай шафы.
– У вас тут нават і прайгравальнік ёсць, – між тым заўважыў Ігнат Мазур, – ды такі кампактны, зручны. Танчыце з гасцямі?
– Гэта мне айчым прывёз. І адну кружэлку «Бітлз».
– Хіба ў цябе айчым? Прабач, што зноў пытаюся. А бацька?
Дзяўчына выслізнула з-за створкі, перасмыкнула плячыма, запаліла і села на ложак у сваёй улюбёнай позе – падкурчыўшы ногі.
– Бацькаў невялікі сухагруз трапіў у моцны шторм і перакуліўся.