У віры быцця. Ніл Гілевіч
– каб рабіць хлеб, гадаваць жывёлу, ну яшчэ – каб каваць жалеза ці абпілоўваць бярвенне… Якую ж трэба мець любоў да Беларусі, каб так зневажаць яе мову! З такой любоўю самы раз выводзіць нашу краіну з беднасці, уздымаць яе да вяршынь дабрабыту.
У часы Скарыны і Буднага – гадзілася, а сёння ўжо – не!..
І што ж гэта за няшчасная доля наша, што за пракляцце на нас звалілася? Генералы ад навукі і мастацтва імгненна забываюць, хто яны, трацяць паважнасць і набываюць халуйскую міну, і пляскаюць у ладкі, глытаючы чарговую порцыю папулісцкай дэмагогіі.
Яны вераць, што можна пабудаваць беларускую дзяржаву без нацыянальнай беларускай ідэі і без беларускай мовы. Марная задума! Гэта тое самае, калі нехта бярэцца зварыць піва без дражджэй. Але ж такога цуду людзі не бачылі. Не звараць! Звараць гідкае пойла, а не піва.
Што датычыць нашай мовы… Усім, у каго ёсць сумленне, раю запомніць адзін «дробязны» факт. Калі гарэлі беларускія вёскі з жывымі людзьмі – з агню-полымя даляталі жудасныя (больш жудкіх не бывае) крыкі: «Ратуйце!» Не «спасите!», а «ратуйце!» Калі вам і гэта нічога не гаворыць – то на высокім маральным узроўні трымаецеся, панове-таварышы!
Так пачыналася наша новая літаратура
У газеце «ЛіМ» за 23.06.1956 апублікаваны артыкул І. Баса «Да пытання аб аўтарстве «Энеіды навыварат». Аўтар артыкула далучаецца да думкі тых, хто лічыць, што знакамітую паэму напісаў жыхар заходняй Смаленшчыны (г. зн. этнічна беларускай тэрыторыі) памешчык Вікенцій Паўлавіч Равінскі. Мне здаецца, гэту версію аўтарства можна лічыць даказанай. Паэма была напісана, па ўсім бачна, у першай палове 1840-х гадоў, тады ж, як спрабавалі на «мужыцкай» беларускай мове пісаць Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі і інш. (Нібыта нават і А. Міцкевіч.) Міжволі ўзнікае пытанне: што цягнула адукаваных паноў з даўно апалячаных ліцвінскіх родаў пісаць па-беларуску? Дзеля забавы-пацехі? Ці ўсё ж адчувалі сілу-моц гэтай тутэйшай «мужыцкай» мовы? Адчувалі, што за ёй – будучыня? Чаму б і не? Чаму б адукаваным людзям і не прыйсці да думкі, што такое магчыма? Тым больш, што ўжо набірала сілу нацыянальнае адраджэнне ў такіх славянскіх краях, як Балгарыя, Сербія, Славенія, Чэхія?..
І ніводнага фальшывага слова…
Зноў і зноў перачытваю ацэнку, якую даў паэме Твардоўскага «Васіль Цёркін» лаўрэат Нобелеўскай прэміі, геніяльны рускі пісьменнік Іван Бунін. «Гэта сапраўды рэдкая кніга. Якая свабода, якая цудоўная ўдаласць, якая трапнасць, дакладнасць ва ўсім і якая незвычайная народная салдацкая мова – ні сучка, ні задзірынкі, ніводнага фальшывага, гатовага, гэта значыць літаратурна пошлага слова». Проста неверагодна: зацяты вораг савецкай улады і камуністычнай ідэалогіі з такім захапленнем гаворыць пра твор савецкага паэта-камуніста! Неверагодна? Ну чаму ж неверагодна! Калі адзін вялікі мастак слова і палымяны патрыёт Расіі адкрывае для сябе другога вялікага мастака слова і палымянага патрыёта Расіі, – чаму ж яму не парадавацца і не выказаць захапленне? Ён жа радуецца за родную рускую паэзію, за яе поспехі, за геніяльную выяву рускага мастацкага слова, а гэта значыць – рускай душы і сэрца. Радуецца, бо ведае: гэта вышэй за сацыялагічныя пастулаты, яны – часовыя, а роднае слова – вечнае. І калі яно такое, як у Твардоўскага – жывое, па-народнаму трапнае, прыказкава мудрае, дасціпнае, сакавітае, свежае, – дык было б вялікім грахом зрабіць выгляд, што яго няма, і прамаўчаць. Іван Аляксеевіч Бунін на такое пайсці не мог.
Ногі і душа
(З прамовы на рэспубліканскай канферэнцыі Таварыства «Веды»)
Каб грамадства развівалася гарманічна – трэба клапаціцца пра яго маральныя асновы, гэта значыць пра душу чалавечую. Калі мастацтва і літаратура будуць у заняпадзе, будуць адставаць – будзе адставаць і душа. Згадваецца адна мудрая показка, вычытаная мной у выдатнага балгарскага празаіка Святаслава Мінкава: «Адзін купец наняў насільшчыкаў. І сказаў: «Чым шпарчэй будуць ісці ногі, тым больш заплачу». Неслі адзін дзень (а дарога далёкая) – і добра зарабілі. Другі дзень ішлі яшчэ шпарчэй – і яшчэ больш зарабілі. А на трэці дзень сказалі: «Першы і другі дзень ішлі так шпарка, што абагналі нашы душы. Цяпер трэба пачакаць, калі нас дагоняць нашы душы».
Па-мойму, вялікая мудрасць месціцца ў гэтай кароценькай показцы.
Устаноўка – «на ўсю лаву»
У 50–60-я гады я досыць пільна сачыў, якія беларускія народныя песні гучаць па радыё ў сольным выкананні. І што ж высачыў? «У месяцы верасні», «Чабарок», а затым – «Каб сядзела на ўсю лаву». Крыху ўтрырую, але сапраўды, часцей за тры-чатыры іншыя гучала гэтая «Каб сядзела…»
(«Касіў Ясь канюшыну»). Дарэчы, песня псеўданародная, зробленая, у пагоні за гумарам, з традыцыйнай народнай «Пасылала мяне маць яравое жыта жаць» («А я жыта не жала – ў баразёнцы ляжала. Баразёнка вузенька – не памесцілася. Летня ночка каротка – я не выспалася. А я дня ўкарачу ды й да ночкі надтачу»). Устаноўка была такая: дай жартоўную, забаўную, ды яшчэ каб і грубаватую! А тысячы цудоўных лірычных песень заставаліся незапатрабаванымі. І людзі прывыкалі: беларуская – значыць з грубаватым