У віры быцця. Ніл Гілевіч
грамадзянска-патрыятычнага духу ў творчасці Я. Коласа. Самае адкрытае, самае мужнае слова ў абарону цэласнасці роднай зямлі, самы рашучы адпор «ворагам беларушчыны» ўжо ў новых – не царскіх, а бальшавіцкіх кіпцюрах. Самы шчыры, непрытворны крык працятага болем сэрца. Самае мудрае асэнсаванне падзеі паэтам-палітыкам і мысляром, які зыходзіў з глыбокага разумення, што значыць для лёсу народа, лёсу краіны такі разбой, такі гвалт, як рассячэнне напалам роднай зямлі, а значыць – рассячэнне напалам этнічна цэласнага арганізма народа, мовы і культуры яго, а сказаць дакладней – сэрца яго, душы яго… Колас, паўтараю, успрыняў гэта не толькі на ўзроўні эмоцый, але і на ўзроўні дзяржаўнай мудрасці.
Дзіўлюся, што пра гэты трагічны для лёсу Беларусі падзел сёння зноў стараюцца не ўспамінаць.
Справа годнасці і гонару
Самае горшае будзе, калі моладзь пойдзе за дэмагогамі і цынікамі, за іх хлуснёй. Дэмагогі крычаць пра патрыятызм, імянуюць сябе вялікімі патрыётамі. Прабачце, патрыётамі якой краіны, якой зямлі? Зямлі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Чорнага, Геніюш, Караткевіча? Зямлі Буйніцкага, Галубка, Драздовіча, Сергіевіча, Забэйды-Суміцкага, Шырмы? Ці патрыётамі «Отечества»? Заўважце, як гэтыя патрыёты любяць слова «Отечество». Не сумнявайцеся, што яны маюць на ўвазе не Беларусь, о не!
Таму і кажу маладым: толькі не паддайцеся на хлусню! Адзін раз не вытрымаеце – і цяжка будзе ўтрымацца, цяжка. Ні ў якім разе не памыліцеся і не клюньце на ільсцівую прыманку! Яна – атрутная. Калі своечасова не спахапіцца, не адрынуць – гэта кончыцца маральнай смерцю.
Сёння ўсё ясна: вы – за свабодную, незалежную, беларускую Беларусь – ці за «Отечество»? Так, усё ясна. Справа годнасці і гонару – у гэтай яснасці не заблудзіцца.
Аказалася…
Задрамаў каля прыёмнічка, пад лёгкую музыку; прахапіўся і чую: як прыгожа якоесь малое дзеўчанятка шчабеча па-англійску! Ніколі не чуў, каб англійская гучала так прыгожа, так міла для майго слыху. Па шчырасці кажучы, мне англійская мова не здавалася прыгожай – ад пачатку знаёмства з ёю. Разумею, што так думаць несправядліва, бо непрыгожых моў у свеце няма. І аднак жа – што праўда, тое праўда. А тут раптам… Што такое? Што такое? Аказалася: гэта малая беларусачка гаворыць! Гэта англійская мова ў яе беларускім выкананні! Гэта ў яе беларускім горлачку яна так папрыгажэла! Стала такой мяккай, пяшчотнай, мілай…
Руйнаванне нашай гісторыі
Гісторыя кожнага народа – у назвах яго населеных пунктаў і ў назвах вуліц. Перайменаванне – неапраўданае, неабгрунтаванае – і старажытных паселішчаў, і вуліц наносіць шкоду гістарычнай памяці народа, разбурае аб’ектыўна абумоўленую цэласнасць бачання мінулага, пазбаўляе гэтае бачанне яркіх каштоўных момантаў. Сціраецца і бяднее гісторыя краіны – бяднее аўтарытэт нацыі ў вачах свету. Вось прыклад, як гэта рабілася ў нас.
Паводле Паўла Шпілеўскага, да захопу Беларусі царыстамі, у Менску былі вуліцы: Францішканская, Зборавая, Валоцкая, Зыбіцкая, Дамініканская, Койданаўская, Феліцыянаўская, Бернардынская… Царысты замянілі