Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік). Адам Глобус
драбязна апісвалася, як злавіць і пакараць шкодную пачвару. Без грошай, але з Чорна-чырвонай кнігаю ды ні з чым не параўнальнымі ведамі мужчына вярнуўся ў сталіцу. У Мінску ён пачаў абыходзіць розныя ўстановы і прадпрыемствы ды прапаноўваць свае ўнікальныя здольнасці і веды, але нідзе адмыслоўцы па ловах чартоў не патрабаваліся. Усе, як адзін, казалі, што пры першым з’яўленні нячыстага адмыслоўцу абавязкова паведамяць і абавязкова паклічуць на дапамогу. Прайшло шмат гадоў, ніхто так і не паклікаў паляўнічага, які перабраўся на далёкі хутар пад Нясвіжам і тамака вёў сціплае паўжабрацкае жыццё. Ён нават быў падумаў, што дарэмна вучыўся перамагаць чорта і дарма напісаў Чорна-чырвоную кнігу, але аднойчы з Мiнска прыехаў на хутар малады багаты хлопец, які папрасіў навучыць яго лавіць і перамагаць чорта.
Ліловы чорт
Хлопец закахаўся ў дзяўчыну. Моцна закахаўся. Мацней і не бывае. Хадзіў ён за сваёй абранніцай можа з год, а мо і болей. Змучыўся, бо дзяўчына насміхалася з хлопца. Здзеквалася з яго. Нават прымушала зямлю есці. Нібыта толькі так, глытаючы сырыя камякі чорнай зямлі, ён мог давесці яе жорсткаму сэрцу, што кахае па-сапраўднаму. Людзі кпілі з закаханага. Дурнем называлі. Ён трываў. Аднаго разу дзяўчына не прыйшла на спатканне ў прызначаны час. Хлопец так знерваваўся, так спакутаваўся, што вырашыў задавіцца. Дастаў ён з шуфляды маток тоўстай вяроўкі. Выйшаў у сад. Стаў пад яблыняй. Пачаў завязваць пятлю. І ў гэты момант зямля расхінулася. З чорнай глебы вылез Ліловы чорт. «Не так завязваеш! Дай сюды вяроўку! Зараз пакажу!» Хлопец шпурнуў чорту вяроўку і кінуўся ўцякаць. Узмакрэў увесь, але ўцёк. Дурное каханне да жорсткай дзеўкі выйшла тады з хлопца разам з потам.
Залатая мышка
Бывае: кот уздзярэцца на дрэва, а злезці не можа. Мяўкае, жаліцца, просіць дапамогі. Такое здараецца і з дарослымі катамі, і з кацяняткамі. Кацянятка, вядома, шкада болей. Так мой знаёмы – былы спартовец, які трымае карусель у дзіцячым парку на беразе Свiслачы, – расказваў пра сваю шкадобу да чорнага кацяняці. Ішоў ён раніцаю праз парк і пачуў мяўканне. Пайшоў карусельнік на тое слязлівае мяўканне ды зняў кацяня з дзікай грушы, балазе не высока ўзлезла. Зняў, паставіў яго на зямлю і пашыбаваў да сваёй каруселі. Праз тыдзень прыйшло да карусельніка чорнае кацяня і прынесла яму ў зубах Залатую мышку. Паклала мышку каля ног і кажа: «Ты возьмеш сабе Залатую мышку! Як толькі ты яе возьмеш, так адразу станеш шмат ведаць, бо будзеш чуць чужыя думкі. Ты зможаш слухаць чужыя думкі, ажно пакуль не раскажаш пра сваю чароўную здатнасць. Раскажаш – здатнасць прападзе, а мышка ўцячэ!» Толькі карусельнік ўзяў з зямлі Залатую мышку, як пачуў чорную думку чорнага кацяняці. Кацяня прагла як хутчэй развітацца з карусельнікам і пайсці ўпаляваць птушачку-сінічку. За расчараваннем у кацяняці прыйшло і расчараванне ў людзях. Большасць людзей была перапоўненая думаннем пра падманы, здрады, пра блюзнерства, зладзейства і нават пра забойства. Дзякучы ведам ад Залатой мышкі, свет карусельніка счарнеў ушчэнт. Карусельнік пакутаваў, пакуль не пайшоў да дзікай грушы, на якой некалі сядзела чорнае кацяня. Ён расказаў дрэву пра сваю здатнасць чуць чужыя думкі. Расказаў – і здатнасць знікла, а Залатая мышка ўцякла.
Жоўтая запальнічка
Калі ёсць стрэльба, дык і стрэл грымне. Хаця б адзін раз за сваё збройнае жыццё стрэльба сама страляе. Так і з маленькімі простымі запальнічкамі цуды здараюцца. Ёсць запальнічка, дык і агеньчык успыхне. Загарыцца агеньчык радасна, бо яму задушліва ў глыбінях запальнічкі сядзець. Не сакрэт – агеньчык любіць паветра. Без паветра агеньчыку змрочна і цяжка. Таму і выходзіць агеньчык з запальнічкі на прагулянку. Мне знаёмы пажарны – Браніслаў Смаляк – расказваў, што была ў яго Жоўтая запальнічка. Штоночы з той запальніцы выходзіў вогненны пялёстак і лётаў па ўсёй кватэры. Смаляк той пялёстак вогненны шанаваў, размаўляў з ім толькі паважна і толькі шэптам. Карацей, у Браніслава і Жоўтай запальнічкі склаліся выдатныя стасункі. Але аднаго разу Смаляк забыў сваю запальнічку на працы, у гаражы з пажарнымі машынамі, што на Чырвонай. Нейкі ёлуп з пажарных убачыў, як выходзіць на прагулянку агеньчык з Жоўтай запальніцы. Пачаў ёлуп крычаць. Сам напалохаўся і напужаў агеньчык. Той зачапіўся за сметніцу, са сметніцы скочыў на стол з паперамі. Нарабіў шкоды. Аёй-аёй! Пакуль паспеў ёлуп вогнетушыльнік прынесці, згарэла шмат чаго і Жоўтая запальнічка згарэла. Так мне Смаляк казаў.
Белае вуха
У Мінску ў раёне Курасоўшчына жыла дурнаватая Волечка. Яе ратавала дабрыня. Таму ўзялі яе ў брыгаду дворнікаў. Увосень лісце змятаць, узімку снег са сцежак прыбіраць. Добрая Волечка паслухмяна выконвала найцяжэйшую ды найбруднейшую работу. Ад Волечкі ўсе і пачулі дзівосны аповед пра Белае вуха. Здарылася тое дзіва напярэдадні Калядаў. Устала яна рана.
Апранулася цёпла. Надзела валёнкі і светлы кажушок з накладнымі кішэнямі. Паверх кажушка нацягнула форменную памаранчаваю камізэльку. У белай шапачцы з пухнатымі кутасамі Воля выглядала, як ёлачная цацка-лялька. Снегу ў той год насыпалася багата. Толькі Воля стала на сваю сцежку, толькі ўвагнала шырозны фанерны шуфель у снег, як пабачыла артыста. Такіх артыстаў Волечка раней бачыла толькі ў тэлевізарах. Артыст дастаў з кішэні калоду карт і