Усё ўлічана. All inclusive. Сяргей Календа
соплі ганяе, губа ніжняя трасецца, нібыта вось зараз расцягнецца і жанчына пачне плакаць. – Ну калі ласка, у мяне грошы ёсьць, вы не хвалюйцеся, насамрэч кожны з нас можа захварэць, усе мы носім у сабе бактэрыі й вірусы, усе мы патэнцыйныя мерцьвякі, – Галіна Фэліксаўна сьлязьліва скуголіла і церла на запясьці мінэралку, чакаючы, калі пададуць каньяк.
Праз хвіліну перад ёй зьявіўся кубак з чайнай вадкасьцю сямігадовай вытрымкі. Сцэнарыстка плюхнула алькаголем на запясцье й пачала драпаць руку, пакуль не праступіла колькі кропель крыві. Бармэн, звалі яго Юра, шмат чаго бачыў у сваім жыцьці, але ўсё адно аслупянеў і ўтаропіўся на руку жанчыны, скура якой была чырвоная. І тут Юра ня вытрымаў і папрасіў жанчыну разьлічыцца й зьнікнуць зь ягоных вачэй. Сцэнарыстка заенчыла, але далей зь ёй не цырымоніліся…
Галіна Фэліксаўна яшчэ два разы трапляла на лобібар, ахоўнікі мяняліся зьменамі й ня ведалі яе, дзённы мэнэджар Карнэй Эдуардавіч выводзіў яе днём, начны Хасан – ноччу, галоўны мэнэджар меў зь ёй размовы, а таксама адміністратары рэстарацыі, ахова, бармэны Юра, Вова, Кастусь і Андрэй, але яна магічным чынам трапляла ў гатэль, сядзела, церла каньяк на рукох, пускала соплі, часам пачынала плакаць, аднойчы яе сапраўды разьдзьмула, як балёнік, яна пакаштавала маленечкую чакалядку, якая была пакладзеная на бірдэкель як падаруначак для кліентаў гатэлю й рэстарацыі.
Аднойчы Галіна патрапіла ў спа-цэнтар і адтуль у салён-цырульню… Гэта быў гамон… Фарбы… Усе фарбы для валасоў яна размазала па рукох, запэцкала сваю адзежу й сядзела так на канапе перад стэндам рэцэпцыі, чакала алергічнай рэакцыі, ацёкаў і ўсяго самага горшага, плакала, распавядала скрозь стогны й сьлёзы пра тое, што ўвесь сьвет хворы, ён памірае, настае Армагедон… Яна напалохала наведнікаў салёну, хтосьці, як толькі прыходзіў па запісе, бачыў такую карціну й адразу сыходзіў, Віталь, цырульнік, проста схаваўся ў сваім пакоі для пэрсаналу, Антон, другі майстар, глядзеў на сцэнарыстку такімі спужанымі вачыма, быццам пабачыў сьмерць, і не варушыўся, яму адначасова было цікава, чым усё гэта скончыцца.
Галіна Фэліксаўна чакала й чакала, яна нарэшце патрапіла ў тое атачэньне, дзе яе мусяць слухаць, трываць, бо яна патэнцыйны кліент, яна па ўсіх правілах мае рацыю ва ўсім!
Ніхто з супрацоўнікаў цырульні ў спа яе ня ведаў і ніякіх распараджэньняў гнаць яе ў шыю ад начальства ня меў і таму не чапаў, бо халера ведае, хто яна такая, можа быць, яна звар’яцелая жонка якога нафтавіка, і калі яе кранеш, то потым проста так не адкруцісься… Але адначасова нікому не патрэбны быў тут мярцьвяк, калі здарыцца сапраўды які ацёк Квінкэ… Так, Квінкэ й да пабачэньня… Камэры ўсё фіксавалі, усе рухі, і ў гэтым выпадку, нават калі яна сама сабе напэцкала фарбаў на рукі й разадрала скуру, пакараць маглі цырульнікаў і адміністратараў за бязьдзеяньне…
Галіна Фэліксаўна пасядзела так гадзіну, папіла кавы, супакоілася, заўважыла, што яшчэ жывая й ніякай алергіі не здарылася, толькі кроплі крыві засохлі, і ўзяла й пакрыўдзілася, і