Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Саміх вайдэлотак на падворку не было відаць. Колькі часу паназіраўшы яшчэ па-за частаколам за прыслугай, малады ваяр падаўся да мора, каб крыху асвяжыцца ў ягоных чыстых прахалодных водах ад душнай сонечнай спякоты, што стаяла на двары. Пакінуўшы каня ў зацені прыбярэжных скалаў, князь ступіў да падсвечанага промнямі спакойнага воднага блакіту і, узняўшы вочы, збянтэжыўся, міжволі замёр на месцы, бы той статуй. Крыху збоку ад яго ў моры пляскаліся маладыя жамойткі-вайдэлоткі – голыя, з распушчанымі мокрымі валасамі. Забачыўшы няпрошанага госця, яны з крыкам пужліва выскачылі з вады на жоўтую пляму берага і, ухапіўшы адзенне, пабеглі да недалёкіх скалаў. У вадзе засталася толькі іхняя маладая правадырка-жрыца, якая па шыю адступіла ў водны блакіт і адтуль пазірала на знатнага ваяра сваімі смелымі марскімі бурштынамі.
– Можа, высакародны кунігас нарэшце адвернецца, дазволіць беднай дзяўчыне выйсці на бераг і апрануцца? – раптам з мяккім дакорам у голасе загаварыла да ваяра вайдэлотка на ягонай мове.
Светавар хітком галавы скінуў з сябе аняменне ад надзвычай прыгожага дзявочага цела, што зараз назіраў, і вытанчанасць форм якога празрыстая водная коўдра хутчэй нават падкрэслівала, чым утойвала, віноўна вымавіў:
– Прабач, чароўная вяшчунка. Я не ведаў, што ты тут са сваімі сяброўкамі. Проста хацеў выкупацца.
І адвярнуўся да скалаў. За спінай данесліся лёгкія ўсплёскі вады, і неўзабаве з берага пачуўся спакойны голас вайдэлоткі:
– Усё. Слаўны кунігас можа паказаць мне свой мужны твар! Светавар павярнуўся. Вайдэлотка стаяла перад ім ужо ў лёгкім светла-шэрым сарафане, статная, бы сасна, з распушчанымі валасамі, якія мокрымі іскрыстымі хвалямі спадалі на тонкія плечы. Вялікія дзявочыя віры пазіралі на яго задзірліва і крыху звысоку.
– Бачу, кунігаса крыху здзіўляе, адкуль я так добра ведаю мову яго слаўнага народа? – Бліснулі ў вачах вайдэлоткі задорныя іскрынкі.
У Светавара на нейкі час адняло мову, але тут жа ён згодна хітнуў галавой.
– Ды ўсё проста. Маці мая з радзімы кунігаса. Бацька некалі быў адважным воем. Хадзіў з Літвой у паходы на ворагаў. Бліз Трокаў і сустрэў аднойчы маці і закахаўся, – патлумачыла дзяўчына.
– Зразумела, – нарэшце, набраўшыся сілы, здолеў вымавіць Светавар. – І дзе ж зараз твае бацькі, прыгожая вяшчунка?
– Бацька загінуў у баі з крыжакамі. Маці ж колькі летаў таму памерла, не перанесла страты мужа, – сумна прамовіла вайдэлотка і прапанавала знатнаму ваяру – Пройдземся па бары. Хай падсохнуць крыху валасы, – злёгку паварушыла яна сваімі мокрымі хвалямі.
– Пройдземся, – пагадзіўся Светавар і кіўнуў галавой у бок недалёкіх скал, за якімі схаваліся нядаўна голыя вайдэлоткі.– А як жа сяброўкі?..
– Ды іх так напужаў слаўны кунігас сваім мужным выглядам, што яны даўно ўжо ўсе пахаваліся па сваіх хатніх кутах! – весела ўсміхнулася вайдэлотка.
Яны паволі рушылі да стройных соснаў, якія красаваліся пышнымі зялёнымі шыпулькамі непадалёк ад мора. Услед за імі ціха пасунуўся і верны баявы конь ваяра.
– Мірута, –