Шалом. Артур Клінаў
зарадзіўшы доўгім шэрым дробным дажджом. Андрэ зьняў кавалак сьвятарнага дрэва са свайго шалома і, паклаўшы яго ў заплечнік, паплёўся па нейкай маркотнай вуліцы ў невядомым напрамку.
Пад шэрым небам і гэткім жа шэрым дажджом горад падаўся яму таксама шэрым. Ён крочыў даўгой апусьцелай вуліцай, падобнай да бясконцага калідору з мноствам зачыненых дзьвярэй. Над кожнай вісела шыльда, якая мусіла патлумачыць, што менавіта адбываецца па той бок: Цырульня, Піцэрыя, Музычныя прылады, Кебаб, Аптэка, Абутковая крама, Пральня, Кнігі.
Зазірнуўшы за вітрыннае шкло, ён сапраўды знаходзіў там чалавека, што сядзеў у фатэлі з закручанай вакол шыі белай прасьціною; нагрувашчваньні барабанаў, гітары, якія акуратна адна ля другой віселі ў пакоі; некалькі туркаў за вузкім жоўтым сталом перад вялікім конусам са смажаным мясам; жанчыну ў белым халаце пры касавым апараце; істоту ў паранджы перад доўгім шэрагам аднолькавых пральных машынаў; чараду дамскіх ботаў з цэтлікамі ў вітрыне.
Дождж пачаў узмацняцца, і Андрэ падумаў, што ўсё ж давядзецца дзесьці схавацца. Да таго ж, узьняўся вецер, і надвор’е ўжо напоўніцу ўяўляла зь сябе эталён восеньскай непагоды. Аднак варыянтаў прытулку было няшмат. Заставалася пайсьці ў найбліжэйшую шматпавярховую краму ды шпацыраваць там між вітрынаў з выглядам заклапочанага пакупніка альбо рушыць на цэнтральны вакзал, дзе прынамсі можна было знайсьці пустую лаву ды, уладкаваўшыся на ёй, перачакаць залеву. Выбірацца зараз на трасу з рызыкай сустрэць ноч пад дажджом ня мела сэнсу, і Андрэ, запытаўшы ў мінака, дзе знаходзіцца вакзал, рушыў у яго напрамку. Датупаўшы да вялізарнага будынку з надпісам «Банхоф», ён увайшоў усярэдзіну і з абыякавасьцю зазначыў, што вакзал насамрэч месьціўся менавіта тут.
Як і кожная падобная ўстанова, гановэрскі банхоф жыў сваім адмысловым жыцьцём, шмат у чым не падобным да жыцьця навакольных кварталаў. У адрозьненьне ад іншых, драбнейшых, вакзалаў, дзе ўначы звычайна ўсё заціхала, ён гаманіў, сустракаў, выпраўляў бесьперыпынку, круглыя суткі. Горад месьціўся на перакрыжаваньні шляхоў, таму цягнікі ішлі празь яго несупынна. Да таго ж, прасторы ён меў велізарныя, і ў гэтых прасторах зьмяшчалася мноства ўсялякіх установаў: крамак, кавярняў, шапікаў, імбісаў.
Натуральна, такі сымфанічны аркестар розных начных забягалавак ня мог ня вабіць да сябе самую пярэстую публіку – тую, што зусім не зьбіралася нікуды ехаць. Проста хтосьці даўно памяняў дзень на ноч і прачынаўся, калі іншыя ўжо спалі, хтосьці таксама б спаў, але, як і Андрэ, ня меў дзе. Для некага гэта была праца – абцяпваць тут па начох розныя гешэфты, хтосьці проста сумаваў па жыцьці і хацеў сустрэць чалавека, якому за бутэлечкай Корну можна было б распавесьці свой сум.
Зьявіўшыся на вакзале, Андрэ адразу прыкмеціў на сабе ўважлівыя погляды яго сталых насельнікаў. Людзі, якія кагосьці сустракалі, выпраўлялі або самі зьяжджалі, таксама зь цікаўнасьцю пазіралі на дзівака ў шаломе, але ня больш як на калярытны падвід панка. Самі ж панкі, жабракі,