Сымон-музыка. Якуб Колас

Сымон-музыка - Якуб Колас


Скачать книгу
авечак нежывых.

      Вот сяло ўжо недалёка,

      Затрымаўся ў полі ён.

      Унь іх хата, і высока

      Шэст убіт каля акон.

      Вось спыняюцца мужчыны

      I авец у двор нясуць.

      На спатканне ім з адрыны

      Два дзядзькі яго бягуць,

      Штось гавораць… там і маці…

      Людзі сыпнулі туды…

      «Ну, прапаў ты, Сымон-браце!

      Ой, бяды будзе, бяды!»

      А вось чэша дзядзька Юрка.

      – Добра выпасвіў авец!..

      Дзе ж баранчык?.. Ось і шкурка,

      Ось і мяска!.. маладзец!

      Страты – добрая палова…

      Скубянуў, дык скубянуў! —

      I больш дзядзька ані слова,

      Толькі поглядам кальнуў,

      Сам пагнаў у двор авечкі,

      А Сымон адзін зусім,

      Торбу звесіўшы праз плечкі,

      Ідзе воддалек за ім,

      Ды маўклівы, бы акуты

      Гэтым горам і бядою

      I бязмернаю жудою

      Да зямлі быў дух прыгнуты.

      Вось і дворык іх і хата,

      Людзі ў весніцах, дварэ;

      Шуму-гоману багата,

      Нейкі рух усіх бярэ.

      А туман, імга пустая

      Цяжка звісла над сялом.

      Хлопчык цьмяна памятае,

      Што тварылася кругом.

      Так, абрыўкі з’яў-малюнкаў,

      Слоў нязвязаных нічым,

      Недарэчных вырахункаў, —

      Ўсё вілося перад ім.

      – Але ўсе ж папарываны!

      Ты ж чаго глядзеў? дзе быў?

      Вужу, гадзе шальмаваны,

      Лепш цябе б ён задушыў! —

      Бацька ў роспачы, у злосці

      Кінуў жмут калючых слоў.

      Не, чакаць няма мілосці,

      Але ён на ўсё гатоў:

      Будуць лаяць – няхай лаюць,

      Будуць біць – няхай і б’юць, —

      Тыя грозьбы не пужаюць

      I не кратаюць нічуць.

      Усяму, усім старонні,

      Ён стаіўся ў кут адзін,

      Ён нібы ў пустым бяздонні

      Стаяў некалькі часін.

      – Што стаіш там, як закляты?

      Гора ты нам, не дзіця! —

      Кажа маці: – ідзі ў хату,

      Недапека ты, куцця! —

      I ўздыхнула. Мусіць, матцы

      Шкода стала бедака,

      Трэба ж к сыну хоць азвацца:

      А йдзе бацька з хлевушка,

      Ён узбураны, сярдзіты,

      Бровы ссунуты на нос…

      – Годзі ўжо, Панас, не бі ты,

      I так розум ён растрос.

      – Вон адгзтуль, каб і смроду

      Мне твайго тут не было!

      Ты штодзень мне робіш шкоду,

      З-за цябе і на сяло

      Паказаць мне брыдка вочы!

      Бяры скрыпку, смык і – вон!

      Ідзі з дому, куды хочаш —

      Больш не сын ты мне, Сымон! —

      Хлопчык, змешаны з гразёю,

      З дому выгнаны, стаяў

      Каля пуні пад страхою

      I ў мрок ночы пазіраў.

      Ён не плакаў – зніклі слёзы,

      Яны ўсе – на дне душы.

      А дзесь вецер вербалозы

      Над балотам варушыў.

      А ён глух, не чуў нічога.

      А куды йсці? да каго?

      Ён не меў нідзе нікога,

      Хто б схіліўся да яго.

      Пастаяўшы, хлопчык рушыў,

      Пералез знаёмы плот,

      Скрыпку


Скачать книгу