Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец

Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік) - Анатоль Кудравец


Скачать книгу
мы з ёю раз, другі, трэці… Лес вялікі, а схавацца няма дзе. І заўчора… Вечар, цёмна, ідзём з ёй па сцежцы… Лес – усюды сцежкі. І раптам чую, не вушамі – спіной чую: нешта не тое… Я за Наташу – і раз убок, за хвойку. І тут над вухам – га-ах!.. Паварочваю галаву – ён, асабіст… Гэты, прылётны… Ухмыляецца: «А я-та думаю, хто гэта ля нашай штабной зямлянкі ашываецца?..» Гэта ён мне. Бач, ён ужо штабную зямлянку прысвоіў… А да зямлянкі метраў дзвесце. Значыць, ён увесь гэты час ішоў за намі… Вось адтуль і пісяг…

      – І ты яму спусціш?

      – Не спушчу. Усё толькі пачынаецца. Калі да такога дайшло, то… Гэта каб проста так, без слова, у патыліцу…

      – Можа, ён хацеў прыпужнуць цябе?

      – Добрая пужня. Не рвані я ўбок – і не было б табе з кім гаварыць сёння…

      – Ну, калі да такога дайшло, то запомні: другі раз ён не прамажа.

      – Другога разу я яму не дам. – Павел сказаў гэта спакойна, відно было, што ён пра гэта думаў, і добра думаў.

      – А што Наташа?

      – Наташа… Наташа на службе… Ён да яе яшчэ там, у тыле, прыставаў. Але паглядзім…

      Памаўчалі. Зноў падаў голас Алесь:

      – Ты пытаў пра Зосю. Прызнаюся: у нас нехта павінен нарадзіцца. То я, брацік, буду прасіць цябе: жыццё такое, але калі што… то ты ўжо…

      – Ты маладзец… Брату ў патыліцу страляюць, а ён задачкі загадвае…

      – Не каму чужому – брату і загадваю… А сёння што?.. – Алесь усміхнуўся цёплай дзіцячай усмешкай. – Проста захацелася дамоў. Цэлы месяц не быў. Нешта ўзяло за сэрца, хоць плач. А тут лёг учора спаць, і не заснуў яшчэ – так, суцішыўся недзе паміж сном і явай… І раптам чую мамін голас. Быццам яна недзе побач, у хаце: «Алесь, сынок, чаму ты не прыходзіш?..» Я аж падскочыў. Не спаў жа… Вочы чыстыя. І яе голас, во, толькі што гучаў… Прыйшоў да Петрака: так і так, кажу, трэба адлучыцца, снапы звезці, тое-сёе…

      – Снапы звезці… Так ён табе і паверыў. І так проста адпусціў?

      – Не проста… Сказаў, каб самагонкі прынёс, сала. Трэба прынесці.

      – Дзе ты гэта возьмеш?

      – У Зосі яшчэ тое-сёе засталося.

      Павел зноў кінуў позірк на Алесеў карабін.

      – Якая ў яго прыцэльная дальнасць?

      – Лепшая, чым у тваёй.

      – У маёй таксама не бяды…

      – Можам праверыць… Дык вось, вунь наш дуб. А на дубе калода, бачыш?

      Усё гэта Павел добра бачыў.

      – А зверху на калодзе дзедава медная конаўка.

      І конаўку Павел добра бачыў. Адсюль яна выдавала маленькім залатым вугельчыкам.

      Алесь узняў карабін, прыціснуў прыклад да пляча і павярнуў ствол у бок дуба:

      – Дзед мне даруе…

      – Дурань. Ты ж сяло на ногі падымаеш. І не толькі сяло. – Павел паклаў руку на карабін. – Я ведаю, страляць ты ўмееш.

      – І не толькі страляць… А задачкі… пакуль мы жывыя, – заўсёды будуць. У мяне задачкі, у цябе задачкі…

      – Гэта праўда… Пакуль жывыя. А мама пайшла на Курганок, да цёткі Хрысціны. Тая занядужала, пераказала, каб мама праведала. Мама звязала хатулёк – і туды…


Скачать книгу