Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі. Міхась Міхалевіч

Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч


Скачать книгу
мяжы з Літвой, – Neris) лепш узбагачаюць адчуванні не толькі вандроўніка, які сплаўляецца па гэтай рацэ, альбо рыбака, які адпачывае на золку з вудай, але і іншых жыхароў Віленскага краю (беларускага Павілля). І нават, думаю, астатніх жыхароў Беларусі і нават Літвы, запаўняючы падзеямі, байкамі, міфамі нішы навакольнай прасторы, цяперашняга і мінулага часоў. Чым глыбей веды пра насельнікаў ракі, аб прыродных і культурных помніках, аб гісторыі ўзбярэжных паселішчаў, аб традыцыях і лёсах мясцовых жыхароў – тым наш час пры сплаве па рацэ, наша існаванне ў цэлым становіцца багацейшым, любыя ўчынкі, рашэнні і проста сяброўскія размовы на беразе Вяллі, нашы спевы і тосты за юшкай пад кілішак жытнёвачкі робяцца больш асэнсаванымі.

      Менавіта любоўю да прыроды, да Вяллі дыктуецца жаданне распавесці пра тое нешматлікае, што атрымалася запісаць за часы сплаваў і пешых вандровак, прыгадаць з дзяцінства і юнацтва, з размоў са знаёмымі і незнаёмымі жыхарамі паселішчаў на берагах ракі, пакуль яшчэ жыла вёска; што цяпер засталося малапрыкметнымі слядамі альбо зусім знікла ў багне заплываючых балотам старарэччаў, а некалі яе прыгожых і чыстых берагоў з залатога пяску.

      Вяллі былі прысвечаны кнігі нашых славутых землякоў – у ХІХ стагоддзі графа Канстанціна Тышкевіча, Ігнація Ходзькі.[1] У ХХ стагоддзі былі надрукаваны кнігі пра Вяллю, пачынаючы з вытоку, нашых суседзяў ураджэнца Мядзельшчыны (з Кабыльніка), знакамітага прафесара з Вільні Чэслава Францавіча Кудабы, манаграфія прафесара з Клайпеды Вікентаса Вяйткевічуса. Да знаёмства з літоўскім кінарэжысёрам Вітаўтасам Дамашавічусам мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка напісаць кнігу пра Вяллю, пра рыбалку, але Вітаўтас прапанаваў, а Віталь Кастэнка настоіў, падбіўшы мяне, дылетанта, да краязнаўчай працы, публікацый у газетах пра Вяллю, да ўдзелу і напісання навуковых дакладаў да канферэнцыі ў Вільні і да “Тышкевічаўскіх чытанняў” у Логойску, Вілейцы, Валожыне. Не мне казаць, што з гэтага атрымалася, а чытачу і прафесійным крытыкам. У гэтай кнізе сабраны меркаванні пра верхнюю і сярэднюю часткі ракі, пра экалогію самых простых людзей: рыбакоў і старых жанчын, якія пражылі жыццё на яе берагах. Успаміны пра традыцыі і неверагодныя па трагічнасці лёсы мясцовых жыхароў, пра плытагонаў, пра векавыя дрэвы—помнікі на ўзбярэжжы не ўвайшлі ў гэту працу – дасць Бог, яшчэ калі-небудзь апрацуюцца і надрукуюцца.

      Назва, прадмова і тэксты большасці частак кнігі дадзены на роднай мове, тэкст адной з частак (успаміны жыхароў) – на трасянцы ці рэгіянальнай мове – менавіта так, як мне казалі тутэйшыя людзі. Да матэрыялаў кнігі, што запісаны ад рэспандэнтаў і апрацаваны мной, прашу адносіцца суб’ектыўна. Гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі: у адной вёсачцы кожны мае як свае ўспаміны, так і свой погляд на тую ці іншую з’яву, па-рознаму распавядае пра адно і тое ж здарэнне нават на працягу дня ці калі не ў гуморы, галодны; ці закурыўшы папяросу пасля сытнага абеду, а сама лепш пасля кілішка, другога.

      Кніга прызначаецца невялікаму колу чытачоў: аматарам рыбалкі, вандровак і гісторыі роднага краю – пераважна юнакам і мужчынам, хаця, спадзяюся, можа, і знойдзецца якая жанчына, што здолее яе дачытаць да апошняй старонкі, бо недзе ёсць у ёй з пяць кулінарных рэцэптаў як гатаваць юшку.

      З павагай да майго высокашаноўнага чытача,

Міхась Міхалевіч.

      Частка І. Унікальнасць Віліі

      Рыбец і жэрах, ласось і мінога

      …Літоўская вада багатая на велізарную разнастайнасць вялікіх і малых рыб.

Канстанцін Тышкевіч. «Вілія і яе берагі», 1871 год

      Рака Вілія выцякае з бягомльскіх балотаў і нясе свае воды да Балтыкі, зліваючыся з Нёманам у г. Каўнасе. Працягласць ракі – 510 км: па Беларусі – 282 км, па Літве – 228 км. Раку можна ўмоўна (паводле Чэслава Кудабы) раздзяліць на тры характэрныя ўчасткі – верхняе, сярэдняе і ніжняе цячэнні. Верхняе цячэнне мае няспешны характар, рака звілістая, шырыня рэчышча – ад 1–2 метраў у вярхоўях да 60, а месцамі і да 100 метраў ў месцы сутокі з р. Нарач. У сярэднім цячэнні (каля в. Данюшава) берагі пачынаюць узвышацца, рака бяжыць як у каньёне, сустракаюцца камяні, парогі, перакаты, мелі, астравы. У ніжнім цячэнні, пасля Вільні, рака ўжо мае значную шырыню, берагі часта высокія, быццам на ўральскіх перадгор’ях. Асноўныя прытокі Віліі – рэкі Дзвіноса, Сэрвач, Ілія, Уша, Нарач, Ашмянка, Страча, Жаймяна, Вілейка.

      Унікальнасць Віліі для Рэспублікі Беларусь вызначаецца, па-першае, прасторавай сувязной роляй з мінулым і будучым нашага краю: на гэтай рацэ, былой дарозе жыцця, знаходзіцца Вільня, наша агульная старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, а таксама першыя сталіцы летувісаў – Кернава і Коўна. Па-другое, гэта толькі адна з трох рэк, што працякаюць у Рэспубліцы Беларусь, якая наўпрост злучаецца з Балтыйскім морам і якую насяляюць паўпраходныя рыбы. Бо астатнія зарэгуляваныя, перакрытыя плацінамі без уладкавання рыбаходаў. Па-трэцяе, прыродныя асаблівасці: наяўнасць 12 «сябрынных» парогаў, што надае рацэ асаблівую сакральнасць; вялікая колькасць легендаў, курганоў і помнікаў прыроды і гісторыі нашага краю, якія яшчэ захаваліся да сённяшніх дзён; хутары, засценкі, вёскі і мястэчкі, у якіх яшчэ можна сустрэць бабуль і нават


Скачать книгу

<p>1</p>

Ігнаці Ходзька – ліцвінскі пісьменнік, нарадзіўся 29 верасня 1795 г. у сяле Заблошчына Вілейскага раёна і 60 гадоў пражыў на Вілейшчыне. Першая аповесць – “Падданы”. У апавяданні “Баруны” апісваецца старэйшая навучальная ўстанова Беларусі, дзе ён вучыўся. Стварыў цыкл “Ліцвінскія вобразы”. Апавяданне “Нататкі квестара” вызначыла з’яўленне новага жанру – гавэндаў у літаратурнай апрацоўцы. “Нататкі” – гэта стылізаваныя пад XVIII стагоддзе мемуары былога маршалка полацкага ваяводы. Прыняў удзел у стварэнні вернападданіцкага “Альбома”, які быў падораны рускаму цару Аляксандру ІІ падчас яго візіту ў Вільню ў 1858 г. Пісьменнік памёр у 1861 г., пахаваны ў фамільным склепе на могілках ля вёскі Войстам Смаргонскага раёна. І. Ходзька (пакуль што) лічыцца класікам польскаў літаратуры, яго творы вывучюць як праграмныя у школе.