Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
пашчасціла знайсці сабе мужа, майго добрага і прыстойнага бацьку, то і я змагу сустрэць годнага чалавека, калі прыйдзе час.
Пасля ж той падслуханай гутаркі я зняверылася. Аказваецца, я непрыгожая. Калі мяне і заўважаюць, то я здольна абудзіць толькі жаль. Я стала радзей глядзець у люстэрка і часцей задумвацца. Цяпер, калі мне мінула трыццаць, я не задумваюся наогул. Проста жыву ды ўсё. Жытнёвы блінчык ці цыбуліна – ну дык што, не ўсім жа быць ружамі. Роля ўсеагульнай цётачкі-векавухі не такая ўжо і дрэнная. Буду вязаць шкарпэткі ўнучатым пляменнікам і збіраць іх усіх на Каляды ў сваёй вялікай і пустой хаце. А можа, гэта хата застанецца Алісе ці Эме, калі іх жаніхі апынуцца недастаткова багатымі, і тады я стану нахлебніцай на старасці гадоў. «Слівавы пудынг сёння атрымаўся выдатны», – скажу я за абедам, і ўсе здзіўлена павернуцца ў мой бок з тварамі: «Ой, хто гэта тут?»
Не думайце, я не жалюся на жыццё. Я з радасцю сустракаю кожны новы дзень, а калі і марнатраўлю часам разважаннямі, то выключна з нагоды шкоднасці і начытанасці, а не ад журбы. Журбой, на шчасце, ніхто ў нашай сям’і не пакутуе. Ды і навошта пакутаваць, калі ва ўсіх ёсць справы куды больш цікавыя.
Я абвязваю і абшываю ўсю сям’ю, бабуля садаводнічае, цётка Аўгуста кухарыць, і Эма ёй дапамагае, а самая наша малюпасенькая, Аліса, занятая больш за ўсіх: цэлымі днямі, з раніцы да позняй ночы, яна шукае сябе ў мастацтве. То пляце кошыкі з лазы, то піша санеты, то лепіць збаны, а ў апошні час сур’ёзна захапілася маляваннем на шоўку. Сям’я назірае за яе творчымі пошукамі замілавана і паблажліва. Так звычайна дарослыя глядзяць на маляня, якое «пячэ» кулічыкі з пяску: маўляў, няхай сабе цешыцца дзіцятка, ай-яй-яй, малайчына, як слаўна ў цябе атрымліваецца!
Я лічу, кожная сям’я можа сабе дазволіць мець на ўтрыманні адну творчую асобу. Двое, трое – гэта ўжо перабор, а адна – у самы раз. Тым больш, што ўсе займальныя справы – мыць, шыць, гатаваць ежу, выціраць пыл, – мы разабралі сабе. Што ж заставалася рабіць небарацы Алісе, як не паглыбіцца па самыя вушы ў мастацтва. Яна ўсё яшчэ не знайшла ў ім сябе, але і мастацтва яшчэ далёка не скончылася, таму ў хуткай будучыні, падазраю, нас чакаюць гукі флейты ці грук разца па камені, а можа, балет. Вядома, усё можа павярнуцца значна лепш, калі Аліса ўсёткі прыме прапанову каго-небудзь са сваіх шматлікіх прыхільнікаў і выйдзе замуж. Цётка Аўгуста спадзяецца на гэта ўсёй душой. Калі ў Алісы быў перыяд захаплення опернымі спевамі, цётка ледзь утрымалася ад звароту да паслуг свацці. Але, на шчасце, Аліса хутка пераключылася на складанне філасофскага трактата пра сутнасць быцця, а гэты занятак, як вядома, патрабуе цішыні.
Бацька, ледзь не забылася распавесці і пра яго. Бацька таксама жыве з намі, але лічыць за лепшае рабіць выгляд, што яго тут няма. Адзіны мужчына ў хаце, поўнай жанчын, ён бліскуча выконвае свае абавязкі: чытае газету за сняданкам, паліць трубку на верандзе пасля вячэры, разразае гусака за святочным сталом. Яго цёплае паліто вывешваюць улетку на сонейка праветрыцца, а шкарпэткі цыруюць з асаблівым стараннем,