Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
гэты малы нарадзіўся не чарнявым, а, як належыць, рудзенькім, можаш, пан Вырвіч, доктара пугай не сцябаць! Пан Гервасій Агалінскі”.

      Апошняя літара заканчвалася пісягом, як бы хто ў аўтара вырваў з рук пяро. Далей зноў быў почырк Паланэі:

      “Спадзяюся, пан Лёднік разумее, што Гервасій яшчэ не скончыў святкаваць нараджэнне сына, таму няхай не крыўдзіцца за нядобрыя намёкі. А я ад свайго імя пану Агалінскаму ўжо ўсё выказала”.

      І зусім крывы і няроўны запіс:

      “Ой, выказала! Моцна і балюча! На каленях стаю і маёй жоначцы ножкі цалую!”.

      Лёднік, чытаючы, то бялеў, то чырванеў, пад канец прамармытаў нешта кшталту: “Блазнюкі як ёсць…”. У словах пана Агалінскага быў намёк на даўнюю гісторыю, вакол якой накруціліся жарсці і трагедыі не менш чым у шэкспіраўскіх п’есах: малы Алесь насамрэч быў сынам Лёдніка і пані Галены Агалінскай, жонкі старэйшага брата пана Гервасія, што пан Гервасій доўга доктару не мог дараваць.

      Лёднік аддаў ліст Пранцішу з нечытэльным выразам на абліччы, што трэба было разумець як прызнанне віны.

      – Прабач, пан Пранціш. Я сапраўды вінаваты перад паннай Ганулькай. За паўгады шмат што магло з ёй здарыцца. Разумееш, Саламея пра яе лёс нічога не ведала – жонку трымалі асобна ад другіх манашак. Нам і ў галаву не прыходзіла, што твая Чароўная Дама можа так абысціся з вернай кампаньёнкай. Таму, як вырашыш справы з Юдыцкім, паеду з табою ў Гутаўскі кляштар. Слова даю.

      Вырвіч сурова кіўнуў, хаваючы радасць: як ён засумаваў па прыгодах на пару з Лёднікам!

      – Ну што, пайшлі вячэраць? А пасля пакажаш мне сваё фехтавальнае майстэрства… драгун, – звыкла з’едліва сказаў доктар.

      – Думаеш, ты такі непераможны, Бутрым? – не менш з’едліва адказаў Пранціш. – Змірыся – у баявых майстэрствах патрэбныя маладыя цягліцы! Маладая жарсць! Вайсковы досвед!

      Лёднік нічога не адказаў, толькі бровамі скептычна варухнуў.

      А потым Пранцішу давялося стукацца сваймі “маладымі цягліцамі” аб сцены пакоя, дзе Лёднік зладзіў трэніровачную залу. Таму што доктар увесь час зухаватага драгуна да тых сценак змушаў прыціскацца. І нават – гэта было з боку прафесара чыстае хлапецтва, – прадэманстраваў скачок, які сапраўды можна ў балагане паказваць. Пранціш нават не ўцяміў, як гэта ў Бутрыма атрымалася – вось ён перад табой, а вось адштурхнуўся нагой ад сцяны – і прыстаўляе шаблю табе між лапатак.

      – Ты мяне такому не вучыў! – абурыўся Пранціш. – Гэта чараўніцтва нейкае! Несумленна!

      – Не чараўніцтва, – павучальна сказаў Лёднік, у душы, па ўсім відаць, страшэнна задаволены сабой, – а добрае веданне анатоміі і механікі цела. Ну і трэнінг, трэнінг, Вырвіч! Арганізм чалавека здатны на такое, што можа падацца магіяй, а гэта проста звычайныя, але забытыя веды.

      Пранціш паспрабаваў таксама скочыць на сцяну, але ледзь не паваліўся, і выйшаў з пакою злосны, як выкураная з вулею пчала.

      Цікава, адкуль сам Лёднік здабыў тыя “забытыя веды”? Хіба рукапіс які старажытны


Скачать книгу