Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
яго самога пакаралі баніцыяй, а маёнткі секвестравалі. Невялікая радасць пазнаць, што забіў у бойцы свайго ж ліцвіна, які проста апынуўся па другі бок.
Расказвалі, што пад Слонімам у першых шэрагах білася ў мужчынскім адзенні панна Тэафілія, сястра Пане Каханку. Там упадабала яна мужнага, але небагатага паручніка Мараўскага, з якім пасля збегла і пашлюбавалася, насуперак волі брата… А Вырвіч успамінаў такую ж адчайную паненку, панну Паланэю, сястру магната Міхала Багінскага, яшчэ аднаго прэтэндэнта на карону. Панна Паланэя таксама ўмела абыходзіцца са зброяй і насіць мужчынскі касцюм, і разбіла сэрца Пранціша Вырвіча, збегшы ў Амерыку з адчайным шляхцюком панам Гервасіем Агалінскім.
І Вырвіч часам шкадаваў, што аднойчы сустрэў на сваім шляху алхіміка Баўтрамея Лёдніка, выхаванца Пражскага і Лейпцыгскага ўніверсітэтаў, які навучыў думаць і ўглядацца ў гэты свет і ў сябе. Гэта ўсё роўна што плаваць у балоце з крыламі за спінай. І жабы касавурацца, і крылаў не распрастаць, і далёка не праплывеш.
У мінулым годзе іх харугва выпадкова натрапіла на дарозе на даўжэзную калону – на вазах сядзелі старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, з хатулямі, са спехам прыхопленым з родных хатаў дабром. Хтось змрочна маўчаў, хтось плакаў, хтось маліўся, а хто і стагнаў, бязлітасна збіты. Вазы суправаджалі расейцы – аказалася, гэта высяляюць з Веткі ў Сібір старавераў, якія колісь збеглі ад пераследаў з Расіі ў Вялікае Княства Літоўскае, у якім стагоддзямі ўжываліся розныя канфесіі. Вазоў былі тысячы… Казакі зацята лупілі ерэтыкоў нагайкамі, асабліва шкада было тых, хто ішоў. Ясна – не дойдуць. Ляжа такі небарака рана ці позна проста на дарозе, у бруд, пыл ці снег, або скурчыцца ў куце прыдарожнага астрогу, і нават азвярэлыя ўдары па збітым да чарнаты целе не змусяць варухнуцца… Пранціш тады кінуўся на аднаго такога, з нагайкай, які лупіў кабету, што прыціскала да сябе немаўля… Але свае ж начальнікі – не далі заступіцца, адцягнулі… Маўляў, дамова ёсць, справа расейцаў… Ды калі такое было – каб іншаземныя войскі гулялі па краіне, як хацелі! Суд вяршылі, у працу соймаў умешваліся… Войска ж Вялікага княства ды Кароны скарацілі да смешнага, да адчэпнага… У магнатаў маюцца большыя! У таго ж Пане Каханку цэлая армія была. Вось і біўся пан за шляхецкую волю, за права “ліберум вета”, пакуль не апынуўся ў эміграцыі, дзе дзівіць італійцаў ды французаў тлустай да нястраўнасці ежай ды дажджом дукатаў… Як кажуць, трыбунал з дэкрэтам, а Радзівіл з мушкетам. А Лёднік неяк распавёў Пранцішу, што ёсць таемная дамова паміж расейскай імператрыцай і прускім імператарам, каб не даваць у Рэчы Паспалітай тое ліберум вета скасаваць: пакуль любы шляхціц мае права сарваць сойм, пакуль у краіне няма цвёрдай рукі – яна бяспечная для ворагаў. А для падобных Вырвічу ўвогуле што за карысць біцца на баку ўлады, якая твае храмы зачыняе ды ў здраднікі цябе запісвае толькі за тое, што ты іначай жагнаешся? Да таго ж, пасля ўцаравання Кацярыны Пане Каханку паслаў ёй ліст з прапановай