Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
размовы з хітручай Паланэяй. Усё-ткі і яна пра тое-сёе кавалеру прагаварылася. Напрыклад, звесткі пра сувязь лялькі з доктарам Дзі яе не здзівілі.
Бож-жа, ён жа панне свае вершы чытаў! Тыя, што шчасліва спаліў у каміне, але на няшчасце запомніў… Галасіў, як Арфей перад галоднымі ваўкамі! Вось пасмяялася яе мосць Багінская над закаханым хлопчыкам-вершаплётчыкам…
Вырвіча перахапіў на вуліцы знерваваны Хвелька, ягоныя тлустыя шчокі аж трэсліся ад хвалявання – прафесар учыніў навальніцу з нагоды знікнення падапечнага, які нат заняткі прагуляў.
А пасля было яшчэ горш. Давялося расказваць Лёдніку пра тое, што адбылося. Вырвіч разумеў, што тут не да хітрыкаў – бо наступствы ягонай начной прыгоды ўдараць найперш па Бутрыму. Язык ледзь варочаўся, словы блыталіся, як водарасці ў віры.
Раптам Лёднік абхапіў Пранцішаву галаву, рассунуў пальцамі павекі, уважліва зазірнуў у блакітна-мутнае вока.
– Дурнап’ян! І парашок аднаго рэдкага грыбочка… Знаўца працаваў – бо трохі памыліся з канцэнтрацыяй, ахвяра памрэ… Высакародны спосаб развязваць язык, папулярны ў Венецыі. У роце гарчыць? Горла дзярэ?
Пранціш змрочна кіўнуў галавою. З аднаго боку, стала лягчэй: значыць, ганебная балбатлівасць выкліканая атрутай. Але ж і горка стала: не пашкадавала, не пасаромелася Чароўная Дама тае атруты падсыпаць! Ведала ж, што можа да Абрама на піва кавалера выправіць… Не кахае ніколечкі, ні на зернейка! Эх…
Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.
Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў – каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam! (тлум Бабілонскі). У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!
Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку