Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
кінула ў чырвань ад адной думкі, што нехта мог палічыць, быццам яе з гэтым нахабным Кастусём звязваюць нейкія асаблівыя адносіны. Ён жа яе проста выкарыстоўвае – як цікавы дакумент. А параўнаць гэтага хлапчыску з Маркам… Смешна!
Але сыходзіць нікуды не хацелася. У старой кватэры з высокай столлю, без дываноў і абавязковага крышталю, затое з кніжнымі паліцамі і такімі зручнымі, хаця і цвёрдымі, фатэлямі было ўтульна і спакойна.
І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.
– …А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную – трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была… Як на той паліцы, каля чорнага гаршэчка.
Крумкач прагарлаў сваё «Невермор», і Магда наважылася расказаць.
Кастусь слухаў яе, не перабіваючы. Толькі ў адным месцы, калі гаворка ішла пра доказы візантыйскага паходжання, усхапіўся і некалькі разоў прабегся па пакоі, махаючы рукамі і нешта мармычучы сабе пад нос.
І вось засталося пераказаць апошнія радкі зніклага паслання. Магда змоўкла. Кастусь зразумеў яе хваляванні.
– Можаце мне не расказваць далей. Хто я такі? Мэнээс з хіповым хвосцікам. Але я магу звесці вас з аўтарытэтнымі, і галоўнае – сумленнымі вучонымі. Ёсць, прынамсі, два чалавекі… Адзін, вядомы пісьменнік, таксама перажыў рэпрэсіі. Вы можаце распытацца пра яго ў каго заўгодна.
Але Магда рашуча страсянула валасамі, не заплеценымі сёння ў акуратныя коскі, і, заплюшчыўшы вочы, каб ясней прыпомніць напісанае, прагаварыла, як прачытала:
«Было зроблена тры копіі з рукапісу і з дакументаў.
Адну я перадаў Антосю. Ведаю, што ў час уцёкаў паперы былі з ім.
Другая копія ў архіве прафесара Сахнут-Бічэўскага, у папцы з надпісам «Копіі судовых актаў сельскагаспадарчага суда Мінскай губерніі. Пачатак ХІХ ст.».
Трэцяя – на Кальварыйскіх могілках. Склеп злева ад касцёла, на фасадзе трохкутнік з блакітнай цэглы з вокам. Гільза закапаная ў правым дальнім куце, 50 см.
Твой дзед падпісваўся «Алесь Валошка». Мы з ім абодва былі сінявокія».
Пераказала – і жахнулася: цяпер назад не павернеш. А Марк строга загадаў выкінуць з галавы ўсе гэтыя справы! Як ён раз'юшыцца!
Твар Кастуся гарэў ад узрушэння.
– Мой сябра напісаў артыкул «Загадка Алеся Валошкі». Нідзе не надрукавалі – сказалі, бяздоказна. Сенсацыя, высмактаная з пальца. З паэтаў, што пачыналі напрыканцы дваццатых, Валошка быў найярчэйшы. Усё, што ўдалося знайсці,– чатыры вершы ў газеце. Прычым у тых нумарах, што захаваліся ў бібліятэках, публікацыя выразана! Але і гэтага дастаткова. Сапраўдны талент. Ні пафасу, ні сялянска-пралетарскай тэматыкі. Толькі роздум і пачуццё. Нібыта сцверджана, што пад псеўданімам «Валошка» друкаваў раннія вершы ці то Глебка, ці то Броўка. Але мой сябрук перакананы, што быў такі паэт, дасюль не адкрыты. Адкапаў нейкую кнігу 1933 года,