Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
усмешкі чамусьці зрабілася непамысна. Немагчыма было нават уявіць – адказаць усмешкай.
– Ну дык ведаеце вы Івана Канстанцінавіча Хмеля? Магда разгубілася.
– Здаецца, не…
– Гэтага не можа быць. Падумайце. Іван Канстанцінавіч Хмель, тысяча дзевяцьсот трынаццатага года нараджэння, жыў па адрасе: Крывакаленны завулак, дом чатырнаццаць, кватэра шэсць.
Стары з крумкачом! Ну трэба ж! Магда, блытаючыся, распавяла пра грамадскае даручэнне. Рэктар упарта маўчаў. А незнаёмец у сінім касцюме нахіліўся наперад, нібы рыбак, што назірае за кругамі вакол паплаўка.
– Значыць, выпадак… А як вы патлумачыце, што ваш падапечны, які памёр тры дні таму, зрабіў вас сваёй адзінай спадчынніцай?
Магдаліна агаломшана глядзела на суразмоўцу. Рэктар нарэшце прыўзняў сівую галаву і кінуў з-пад акуляраў на Магдаліну дзіўны востры погляд. Нібы папярэджваў аб нечым.
– Вы камсамолка? – прагучала злева нібыта недарэчнае пытанне. А за ім – іншыя. Зусім як у таго старога… Пра сям'ю, пра бабуль і дзядуль, кім былі, дзе жылі… Ізноў – пра візіт да старога дзівака. Што гаварыў, няўжо нават не намякаў пра будучы запавет?
Нарэшце пытанні скончыліся, чалавек у сінім касцюме падняўся, кіўнуў на развітанне рэктару і выйшаў. Запанавала цішыня.
– Мне можна ісці? – знервавана запыталася Магда. Рэктар сядзеў не гледзячы на яе – неблагі чалавек і неблагі пісьменнік, навучаны выжываць. Як ні старайся – ніякіх эмоцый нельга было прачытаць ні на ягоным твары, ні ў голасе.
– У вас ёсць здольнасці, Магдаліна… Вы ведаеце, які сур'ёзны конкурс у нашу ўстанову. Мы прынялі вас, і гэта адзнака і… вялікі аванс. Да нашых студэнтаў прад'яўляюцца вельмі сур'ёзныя патрабаванні, на іх ускладзеная вялікая адказнасць…
Магдаліна напружана ўслухоўвалася ў плынь гладкіх фраз, якія закалыхвалі свядомасць сваёй плаўнасцю, акругласцю, нявызначанасцю. Пакуль, нарэшце, да яе не дайшоў сэнс, які хаваўся пад гэтай плыткасцю і акругласцю, – ёй прапаноўвалася пайсці з інстытута! У які яна паступала тры гады запар! Дзеля паступлення «адтрубіла» два гады ў завадской бібліятэцы, каб назапасіць належны працоўны стаж! Чаму?!!
Рэктар гаварыў пра філалагічны факультэт у родным горадзе Магдаліны, варта толькі даздаць пару прадметаў, каб туды перавесціся… Зірнуў на твар сваёй студэнткі і змоўк. Цень чалавечага пачуцця мільгануў за акулярамі ў металічнай аправе. Рэктар чамусьці расчыніў акно – кабінет адразу напоўніўся гулам машын і вясёлымі галасамі, рукой паклікаў да сябе Магдаліну. Загаварыў ціха, так што яго голас амаль губляўся ў вулічным шуме.
– Не трэба так адчайвацца. Павер, дзяўчынка, тваё жыццё на гэтым не канчаецца. З другімі бывала горш.
– Але…
Рэктар жэстам спыніў рэплікі Магдаліны.
– Я правяраў тыя спісы, што вам давалі з ЖЭСа… Там нічога не ведалі… Разумееш, тут такі шэраг супадзенняў, у які цяжка паверыць. Але я бачыў усякае. Веру, што ты ўблыталася выпадкова. Ён… вораг савецкай улады. Калісьці ўваходзіў у партыю беларускіх нацыянал-дэмакратаў.