Голад (зборнік). Кнут Гамсун
вуліцы. Я нават не заўважыў, як апынуўся на Вакзальнай плошчы. Гадзіннік на царкве Збаўцы паказваў палову на другую. Я пастаяў трохі ў роздуме. На ілбе ў мяне выступіў пот – ён пачаў проста заліваць мне вочы.
– А ці не пайсці табе на прыстань? – сказаў я сам сабе. – Зразумела, калі ў цябе ёсць час.
Я пакланіўся самому сабе і пайшоў на прыстань.
Караблі стаялі на рэйдзе, мора крыху зыбілася, бліскаючы пад сонцам. Тут панавала ажыўленне, чуліся параходныя свісткі, гойсалі грузчыкі са скрынямі на спінах, з баржаў даносіліся вясёлыя песні. Непадалёк ад мяне нейкая жанчына гандлявала піражкамі: яна сядзела, схіліўшыся сваім загарэлым носам над таварам… столік перад ёю завалены прысмакамі, і я пагардліва адварочваюся. Праз яе ўся прыстань смярдзіць ежаю: цьху, выветрыце набярэжную! Я звяртаюся да мужчыны, які сядзіць побач са мною, і пераканаўча даводжу яму, як недарэчна гандляваць піражкамі дзе трэба і не трэба… Вы не згодны? Добра, аднак жа вы не будзеце спрачацца, што… Але мужчына адчуў нядобрае, ён не даў мне дагаварыць да канца, падняўся і пайшоў. Я таксама ўстаў і пайшоў за ім, цвёрда вырашыўшы даказаць яму, што ён памыляецца.
– Гэта недапушчальна таксама і з санітарнага гледзішча, – сказаў я, паляпаўшы яго па плячы.
– Прабачце, я прыезджы і нічога не разумею ў санітарыі, – сказаў ён, гледзячы на мяне са страхам.
– Ну, калі вы прыезджы, тады справа іншая… Ці не магу я быць вам карысным? Ці не паказаць вам горад? Не? Я з задавальненнем зрабіў бы гэта без усялякай узнагароды…
Але ён відавочна хацеў пазбавіцца ад мяне і хутка перайшоў на другі бок вуліцы.
Я вярнуўся да сваёй лаўкі і зноўку сеў. Я быў вельмі засмучаны, і катрынка, што гучна зайграла воддаль, яшчэ больш усхвалявала мяне. Раз-пораз парыпваючы, яна выдавала нейкія фрагменты з Вебера, і пад гэты акампанемент маленькая дзяўчынка спявала сумную песеньку… І вось надрыўна-пісклявыя гукі катрынкі праймаюць мяне, нервы мае дрыжаць, нібы струны, дакладна наследуючы гэтым гукам, і я ўжо ціхенька напяваю нешта жаласлівае, адкінуўшыся на спінку лаўкі. Якіх толькі адчуванняў не мае галодны чалавек! Я ўсведамляю, як гэтыя гукі авалодваюць мною, я раствараюся ў іх, расцякаюся патокам, выразна сабе ўяўляю, як я ўзношуся патокам увысь, вось ужо ўзнёсся высока над гарамі, нібы кружачыся ў танцы над прамяністымі далячынямі…
– Падайце эрэ! – кажа дзяўчынка, якая спявала пад катрынку, і працягвае металічную талерачку. – Толькі адзін эрэ!
– Зараз, – машынальна адказваю я і, ускочыўшы, абшукваю кішэні.
Але дзяўчынка думае, што я проста смяюся з яе, і сыходзіць, не сказаўшы больш ні слова. Гэтай бязмоўнай пакорлівасці я не ў змозе стрываць: калі б яна аблаяла мяне, мне было б нашмат лягчэй. Мне стала балюча, і я паклікаў яе:
– У мяне няма ніводнага эрэ, але я пра цябе хутка згадаю, быць можа, заўтра ж. Як цябе завуць? Якое прыгожае імя, я яго не забуду. Ну, то да заўтра…
Але я выдатна разумеў, што яна не паверыла мне, хоць і прамаўчала, і я плакаў ад роспачы, што гэтая маленькая дзяўчынка з вуліцы мне не верыць. Я яшчэ раз паклікаў