Коннік без галавы. Майн Рыд
цяпер, у гэту пару года, яны робяцца лютымі, як тыгры, і такімі ж каварнымі. Паверце мне, што раз’юшаны дзікі жарабец небяспечней за воўка, пантэру або мядзведзя.
– Што ж нам рабіць? – спытала спалохана Луіза і пад’ехала бліжэй да чалавека, які аднойчы ўжо выручыў яе з бяды; яна з трывогай глядзела яму ў вочы, чакаючы адказу.
– Калі яны нападуць, – адказаў Морыс, – у нас будзе толькі два выйсці. Першае – гэта залезці на дрэва, кінуўшы нашых коней на разарванне.
– А другі? – спытала крэолка са спакоем, які гаварыў аб мужнасці, здольнай вытрымаць самае цяжкае выпрабаванне. – Усё, што хочаце, толькі б не пакідаць нашых коней! Гэта ганебны выхад са становішча.
– Мы і не можам гэтага зрабіць. Паблізу не відаць ніводнага прыдатнага дрэва, і, калі яны на нас нападуць, нам застаецца толькі спадзявацца на шпаркасць нашых коней. На жаль, – працягваў ён, уважліва аглядаючы крапчастую кабылу, а затым свайго каня, – ім занадта многа выпала за сённяшні дзень, і абодва яны вельмі стаміліся. У гэтым вось і бяда. Дзікія жарабцы наўрад ці стомлены…
– Ці не пара нам рухацца?
– Пакуль не. Чым больш нашы коні адпачнуць, тым лепш. Жарабцы, магчыма, яшчэ і не завернуць у наш бок. А калі і завернуць, гэта яшчэ не азначае, што яны на нас кінуцца. Усё залежыць ад таго, у якім яны настроі. Калі яны грызуцца паміж сабой, то могуць напасці на нас. Яны тады становяцца шалёнымі і кідаюцца на сваіх сабратоў, нават калі ў тых седакі на спіне… Так яно і ёсць! Яны б’юцца паміж сабой. Чуеце, як яны ржуць? Яны накіроўваюцца сюды!
– Містэр Джэральд, дык чаму б нам зараз жа не паскакаць у процілеглы бок?
– Зараз няма сэнсу. Уперадзе – адкрытая раўніна, і схавацца нам няма дзе. Яны будуць там раней, чым мы паспеем ад’ехаць на дастатковую адлегласць, і хутка дагоняць нас. Месца, куды мы павінны накіравацца, – адзінае бяспечнае месца, пра якое я магу ўспомніць, – ляжыць у іншым напрамку. Мяркуючы па гуках, яны зараз якраз адрэзалі нам дарогу туды. Калі мы выедзем залішне рана, то сутыкнёмся з імі. Нам трэба вычакаць, а потым паспрабаваць прашмыгнуць ззаду іх. Калі нам гэта ўдасца і калі яны не дагоняць нас на працягу дзвюх міль, то мы дасягнём месца, дзе нам будзе не менш спакойна, чым за загараддзю караля ў Каса-дэль-Корва. Ці ўпэўнены вы, што справіцеся з вашым мустангам?
– Цалкам, – упэўнена адказала яна.
16. Уцёкі ад дзікіх мустангаў
Коннікі насцярожана сядзелі ў сваіх сёдлах. Луіза хвалявалася менш, чым мустангер, таму што яна даверылася яму. Яна не зусім разумела, якая небяспека ім пагражае, але здагадвалася, што небяспека гэта вельмі сур’ёзная, раз такі чалавек, як Морыс Джэральд, праяўляе трывогу. Усведамленне, што гэта трывога часткова выклікана страхам за яе, наперакор усяму, напаўняла яе сэрца радасцю.
– Цяпер, бадай, можна рызыкнуць, – яшчэ раз прыслухаўшыся, сказаў Морыс. – Яны як быццам ужо мінулі тую паляну, праз якую ляжыць наш шлях. Вельмі прашу, будзьце ўважлівы! Цвёрда сядзіце ў сядле і моцна трымайце павады. Там, дзе дарога дазволіць, скачыце са мной побач і ні ў якім выпадку не адставайце больш чым на