1939 год і Беларусь. Забытая вайна. Анатоль Трафімчык
кніга.
Спадзяюся, што гэтае знаёмства з драматычнымі падзеямі 1939 г. не проста запатрабуе, а прымусіць шаноўнага чытача дадаткова думаць, разважаць, шукаць. Прымусіць кожнага, хто гэтым выданнем не пагрэбуе.
Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Першая сусветная вайна і новая канфігурацыя сіл у свеце
1914–1918 гг. былі азмрочаны для чалавецтва вайною, у якой прынялі ўдзел вядучыя дзяржавы свету, уцягнуўшы ў бурхлівы вір і многія невялікія народы. Лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін пасля першага года вайны справядліва выказаўся:
«это есть война между двумя группами разбойнических великих держав из-за дележа колоний, из-за порабощения других наций, из-за выгод и привилегий на мировом рынке».
Галоўнай прычынай вайны стала імкненне перадусім Германскай імперыі, якая ўтварылася толькі ў 1870 г., да перадзелу свету, у прыватнасці, заморскіх калоній. Зразумела, ні Вялікабрытанія, ні Францыя, ні іншыя краіны не жадалі страчваць набытыя рознымі шляхамі землі на глобусе, які з пачатку ХХ ст. пачаў увачавідкі цяснець.
Расійская імперыя таксама разраслася. Аднак у адрозненне ад іншых вялікіх дзяржаў, якія павялічвалі свае плошчы за кошт заморскіх уладанняў, Расія ад ХVІ да ХІХ ст. узбуйнілася на еўразійскім мацерыку: з’яўляючыся спачатку Маскоўскім княствам, абвясціла сама сябе царствам. Яна ўвесь час захоплівала землі суседзяў, а затым, пры Пятры І, ператварылася ў Расійскую імперыю і з поспехам паднявольвала тэрыторыі, дзе дзяржаўнасць:
• толькі зараджалася, – напрыклад, у Сібіры;
• мела старажытны характар, хоць агульны культурны ўзровень заставаўся параўнаўча адсталым (лепей сказаць, спецыфічным), – краіны Сярэдняй Азіі;
• узнікла раней, чым на землях паўночна-ўсходняй Русі, і мясцовыя народы паспелі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, – сённяшнія Беларусь і Украіна, а таксама прыбалтыйскія краіны.
Апетыты заходніх каланіяльных дзяржаў за ХІХ ст. трохі зменшыліся, бо больш ужо не было куды разрастацца. А ў Расіі наадварот – выспела дактрына «вызвалення» славянскіх братоў на Балканах і Канстанцінопаля як галоўнага праваслаўнага цэнтра, які ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў складзе Асманскай імперыі (Турцыі). Мара пра Басфор і Дарданелы – пралівы па шляху з Чорнага ў Міжземнае мора – зрабілася навязлівай у галовах расійскіх цароў, палітыкаў і генералаў. Яшчэ адным падобным трызненнем стала фантастычная ідэя «памыць боты» ў Індыйскім акіяне.
У заключнай трэці XIX ст. у Еўропе паўсталі дзве амбітныя дзяржавы – Германія і Італія – з магутным інтэлектуальным патэнцыялам і глабальнымі каланізатарскімі замашкамі. Да Першай сусветнай вайны на міжнароднай арэне ўтварылася наступная расстаноўка сіл: з аднаго боку паўстаў Чацвяртны саюз у складзе Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый, а таксама Балгарыі, з другога ўтварылася Антанта, дзе рэй вялі Вялікабрытанія (Англія), Францыя,