Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка

Нічые (зборнік) - Андрэй Федарэнка


Скачать книгу
хаты, з трэскам паваліў хіленькі тын і знік з вачэй.

      – Назад!

      – Стаяць, курва!! – паляцела яму ўслед.

      – Пільнуйце гэтых! – Чуб, выплюнуўшы цыгарку, якую Карпа адразу ж падабраў і прытушыў у снезе, ірвануўся следам, лемантуючы нечакана тонкім голасам, галосячы ледзь не пабабску:

      – Гнат, давай хутчэйчэйчэй!!! Сюды з вінтом, абрэз не даб’е! – і ў гэтым ляманцегалашэнні чуўся азарт, была непрыхаваная радасць паляўнічага, які выцікаваў звера.

      Падбег Гнат, трушчачы ботамі спарахнелыя калкі тына. Чуб бухнуўся на калені:

      – Кладзі!

      Гнат уладкаваў на яго плячы вінтоўку, прыліп шчакою да прыклада. Занадта доўга, як падалося нават марудліваму Чубу, пачаў цэліцца…

      – Не патрапіш самога заб’ю, – сур’ёзна паабяцаў Чуб, аблізваючы вусны.

      Уцякач, падхапіўшы аберуч крысы шыняля, нязграбна, пятляючы між абвязаных саломаю дрэўцаў, спатыкаючыся на прысыпаных снегам разорах, бег падпараным полем к далёкаму лесу. Суха шчоўкнуў стрэл. Чырвонаармеец бег як ні ў чым не бывала. Гнат перасмыкнуў затвор, вылецела і шпокнула ў снег гільза, ізноў стрэліў.

      Перш падалося, прамазаў. Але Чуб, які ўвесь час стрымліваў дыханне, шумна, з палёгкаю выдыхнуў, а сам Гнат выпрастаўся:

      – Я цябе навучу!.. – адно прамовіў.

      Уцякач спатыкнуўся, бы з разбегу наляцеў на туга нацягнуты дрот, заплёўся нагамі і грымнуўся вобземлю – тварам уніз…

      Чуб ўстаў, абціраючы мокрыя накаленнікі. Моўчкі, з любоўю паглядзеў на Гната і паціснуў яму руку вышэй локця.

      ІІІ

      Дзяніс не бачыў, толькі чуў, як страляюць, чуў, як Мікола, мацюкаючыся, гнаў чырвонармейцаў, каб хутчэй цягнулі сюды, у двор, яшчэ аднаго забітага.

      Забітага чалавека! – і гэта тут, у двары, знаёмым да кожнай трэсачкі ў дошках плота; двары, дзе адно свіней пад Каляды ці авечак рэзалі, – дык і тады ён, Дзяніс, усімі праўдамі і няпраўдамі стараўся схавацца, перастаяць дзе за сцяною, заплюшчыць вочы, затыкнуць пальцамі вушы!.. Зрабіць тое, што ён і цяпер зрабіў – проста ўцёк, схаваўся па другі бок хаты, стаіўся ў зацішку паміж хлявом і прыбіральняю.

      Як таму сабаку, яму захацелася раптам падціснуць хвост, заскуголіць і ўпароцца ў пуню, забегчы ў хату або прытаіцца хоць тут, прысеўшы на карачкі, у гэтым закутку… Хай здагадваюцца, хай расказваюць пасля ў Семежаве, у атрадзе, што ён сцыкун, што не вытрымаў, што ў яго слабыя нервы, што ён не мужчына яшчэ, а смаркач… Хай!

      Яго трэсла ўсяго. Ён расшпіліў шынялёк, зачэрпнуў снегу – шурпатых уледзянелых крупак, і хутчэй разагнуўся, баючыся, каб не зблажыла сагнутага. Пацёр лоб і шыю. Халодная макрата папаўзла па твары, па грудзях, адразу стала лягчэй. Узяў раптам і крадком выглянуў зза прыбіральні на агарод, і хоць на імгненне, на хвільку толькі зрабіў гэта, але ж угледзеў, і запомніў нават, як чырвонаармейцы нясуць забітага: двое справа, двое злева, сашчапіўшы рукі «замкамі», бы насілкі зрабіўшы… Крысо шыняля валачылася па снезе, матлялася з боку ў бок нежывая галава, целяпаліся рукі, на мокрыя расквашаныя чаравікі наліплі круглякі


Скачать книгу