Заўтрашні дзень. Кузьма Чорны

Заўтрашні дзень - Кузьма Чорны


Скачать книгу
бацькавай смерці ўзмужаў як мае быць. Такім парадкам яму трэба было пачынаць самастойнае жыццё якраз у часы свае ўзмужаласці, бо гаспадарку да самай смерці вёў бацька, а ён сам упадабаў служыць на чыгунцы: ён чакаў таго, каб хоць трохi ўзняліся на ногі трое яго дзяцей, што нарадзіліся за першыя тры гады пасля таго, як ён ажаніўся. Жонка яго была нездараўчаная жанчына, i з дзецьмі было клопатна. А ў яго была вялікая прага паставіць добрую хату, прасторную i выгодную. На гэта трэба былі вялікая турбацыя i грошы. З жонкай яны згаварыліся так: яна будзе гадаваць дзяцей i жыць у старой дзедаўскай трохаконнай хаце, а ён будзе служыць i збярэ грошай. Гэта была мара аб прасторнай хаце. Аднаму яму, са слабай здароўем жонкай i дробнымі дзецьмі адолець будоўлю было зацяжка, i ён стараўся i чакаў. Тым часам трое дзяцей узраслі, ён прызапасіў грошай, i жонка як бы выраўнялася здароўем: як мае быць яна рабіла штодзень у калгасе, i нічагуткі. Ёсць такія хваробы, што праходзяць з часам i следу не пакідаюць. Трое дзяцей былі: густавалосая Ганка, няўнімная рагатуха Алеся i разважлівы з малых дзён Толя. Гэты вырастаў, не ў прыклад сваім сёстрам, заўсёды як бы ў задуме, так што аж кпілі з яго старэйшыя. Антон Крамарэвіч кінуў службу, вярнуўся дадому i распачаў будоўлю. «Будуецца чалавек раз у жыцці, – казаў ён жонцы, – дык трэба, каб будоўля была моцная, выгодная i каб цешыла вока». У яго калацілася сэрца, калі ён давёў сцены да вокан, а калі ўжо налажыў ашлапы над вокнамі – як бы i ўся будоўля была скончана. Блізіўся канец цеснаму жыццю ў дзедаўскай трохаконнай хаце. Праўда, у ёй радзіўся i вырас чалавек, але ж гэта быў час такі, калі ўсе навокал даўно ўжо зыначылі сваё жытло: ужо i не хаты стаялі скрозь, а новыя дамы i дамкі, i старасвецкай трухліны бадай што нідзе ўжо i не ўбачыш. Антон Крамарэвіч пакінуў жыць мараю, а жыў штодзённым клопатам. I, можна сказаць, толькі цяпер па-сапраўднаму ён ацаніў той куток на свеце, дзе ён радзіўся i асталёўваўся цяпер навек дзеля сябе i дзяцей сваіх. У той меры, у якой вырасталі сцены яго дома, ён спакайнеў душой: мара з'ядае чалавека, а яго мара цяпер перажыла сама сябе i пакінула iснаваць. Ганка, Алеся i Толя былі ўжо такія вялікія, што i самі ўвайшлі ў бацькаў будаўнічы клопат. А яна! Жонка, маці гэтых дзяцей! Твар яе ружовіўся. Яна быццам ажыла ці спачатку пачала жыць. Дзеці i іх маці быццам бы знайшлі страчаную бацькам мару. Цяпер яны ўладалі мараю: жыць у новым доме, у выгодзе, у радасці i шчасці i на доўгі век. Гэта было жыццё без атрутнага смутку аб учарашнім дні i без горкай трывогі аб дні заўтрашнім. Можа быць, продкі нашы ад дзесятага пакалення думалі аб такім жыцці сабе i сваім дзецям. Антон Крамарэвіч так думаў аб далейшым i раiўся з жонкаю:

      – Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Трухліна пойдзе на апал, а здаровае згодзіцца ў гаспадарцы.

      Ужо нават i тое, што ён калі-небудзь будзе пілаваць на дровы трухліну са старой хаты, радавала яго. За тыя гады i ўвесь той пасёлачак выбудаваўся i перабудаваўся. Хто жыў у старой хаце, той i новую пакрысе складаў, бервяно да бервяна, дзе-небудзь у іншым


Скачать книгу