Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік). Віктар Шалкевіч

Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік) - Віктар Шалкевіч


Скачать книгу
не. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

      Мястэчка G

      Мястэчка стаяла на рацэ, якая спрадвеку цякла ў Балтыйскае мора. Мора было далёка, а як выглядала – чорт яго ведае – ніхто не ўяўляў і не бачыў… Можа, дзяды і прадзеды калісь…

      Пра раку спяваліся розныя інтымна-лірычныя і ваенна-патрыятычныя песні, у якіх яна абвяшчалася ледзь што не фарпостам усходняй візантыйскай цывілізацыі, Кронанам і Барысфенам, крыніцай ісцінна-сапраўднай Веры і Бацькам усіх людзей, жывучых на яе левым і правым берагах, хаця якраз бацьку яна меней за ўсё прыпамінала, была рака не вельмі вялікая, нячысценькая, у некаторых месцах, дзе з іржавых трубаў у яе ўліваліся падазронага колеру вадкасці, увогуле нагадвала падручнік па хіміі для сёмага класа, а ўлетку, калі мялела, усялякая адважная варона каб схацела, то перайшла б яе пехатою… А калісьці, кажуць, па ёй сунуліся цяжкія віціны ці лайбы з таварамі аж у міфічную Усходнюю Прусію, альбо з самога Кіева даплывалі да тутэйшага замка на горцы чаўны з рознымі легендарнымі рускімі князямі і цівунамі…

      Мелася ў мястэчку некалькі рухлівых вуліцаў, парa вышэйшых вучэбных установаў, медыцынскіх і сельскагаспадарчых, пара абавязковых савецкіх помнікаў правадырам і паходням нацыі, адзін з іх, бюст заснавальніка тутэйшай літаратуры, каторы стаяў ля сценаў мясцовага ўніверсітэта, быў вечна метка і густа загаджаны несвядомымі непісьменнымі птушкамі… Былі ў мястэчку чатыры прыгожыя сярэднявечныя касцёлы з кляштарамі і некалькі цэркваў, адна царква – ну вельмі старажытная, дакладней, тое, што ад яе засталося… Сінагогі, зразумела, таксама, і кірха лютэранская, і спешна набудаваныя напачатку дзевяностых на замежныя грошы не надта файныя малітоўныя баптысцкія дамы… І было некалькі музеяў і чатыры мастацкія галерэі, два прафесійныя тэатры, два кансулаты – польскі і літоўскі, польскі на вуліцы гарачага прыяцеля ўсіх шляхціцаў таварыша Будзённага, а літоўскі – на вуліцы пралетарскага пісьменніцкага генія Максіма Горкага, была філармонія і палацы розных культураў – тэкстыльнай, тонкасуконнай, чырвонаармейскай, хімічнай, будаўнічай, гарадской і раённай, былі аўтобусы і тралейбусы – трамваяў не было ніколі, бо інакш мястэчка сталася б Віцебскам і ў ім пачалі б нараджацца сотнямі і тысячамі Юдалі Пэны і Маркі Шагалы, былі два вакзалы – чыгуначны і аўтобусны, а перад імі заўсёды столькі таксовак, што, здавалася, адныя таксісты, каб не скіснуць ад нуды, проста вазілі другіх таксістаў, быў нават аэрапорт, з якога перыядычна то лёталі, то не лёталі дробныя самалёцікі ў недалёкі Калінінград ці далёкую Маскву, была мытня, скуль грамадзяне стартавалі на гандаль у блізкую Польшчу, нашпігаваныя смярдзючымі тытунёвымі вырабамі мясцовай (былой) фабрыкі Шарашэўскага, як эстонская каўбаса – салам, а самі мытнікі, здаецца, ледзь не выварочвалі сабе сківіцы ад асуджанасці і аднастайнасці сваёй штодзённай няхітрай працы – праверыць і пусціць туды – праверыць і пусціць назад, туды – назад, туды – назад… Трапляліся ім часам ці нахабныя пачаткоўцы-кантрабандысты, ці барацьбіты з законна абраным канстытуцыйным ладам – тады прыходзілася ўжываць суворую дзягу айчыннага заканадаўства, адбіраючы забароненае да ўвозу нашмат таннейшае за айчыннае сырое мяса ці сала альбо літаратуру і іншыя нехарошыя матэрыялы, якія зневажалі гонар і годнасць першай асобы ў дзяржаве. Але гэта здаралася не вельмі часта – які неразумны будзе перці праз мяжу небяспечную кнігу, калі ўсё зараз можна знайсці ў Інтэрнэце… Стаяла калісь у мястэчку нават ратуша на Высокім рын ку, што яскрава магло б засведчыць сённяшнім месцічам дый нешматлікім покуль гасцям аб старадаўнасці і высакароднасці паходжання G., толькі ж ратушу па вайне разабралі, падмуркі пазалівалі асфальтам – і як бы яе не было, і магдэбургскага права не было, і нічога не было… Процьма існавала ў мястэчку чыноўнікаў, абласных, раённых і гарадскіх, былых камсамольцаў і сяброў КПСС; гарадскія і абласныя сядзелі амаль вокны ў вокны – адныя па правую руку Леніна, другія – за яго плячыма, ці, каб да канца быць дакладным, за сракай правадыра. Чыноўнікі – і тыя, і тыя, і тыя – баяліся вельмі трох рэчаў: звальнення з працы, магчымага далейшага часовага арышту і – самае страшнае – нечаканай Смерці на аўтобусным прыпынку, таму што Смерць звыкла адразу надыходзіла за першым і другім; уладкавацца куды працаваць на іншую пасаду было амаль немагчыма, і прыходзілася цэлае жыццё па-мастацку гнуцца і падладжвацца пад чарговую грамадска-палітычную сітуацыю альбо прывезенага з Мінска ці Магілёва начальніка, каб даседзець да пенсіі. Ці кралі чыноўнікі і ці бралі хабар – пытанне, на якое магла, каб вельмі схацела адказаць, пракуратура – хутчэй за ўсё так, ды ясна, што так, толькі дурны не браў, а як жа, аб гэтым нават у газетах пісалі – кралі яны і бралі, і так часам адчайна, як быццам не было ні Бога, ні сумлення, ні бацькоў, якія павінныя былі іх выхаваць на нармальных людзей, толькі ж гэтых грошай няможна было нідзе выкарыстаць – ані яхты на іх купіць, ані васьміпавярховай вілы збудаваць, таму і ляжалі яны гадамі, незапатрабаваныя, закручаныя ў цёмна-сіні цэлафанавы пакет з надпісам «Торговый дом Неман», пад адмысловаю плыткаю-схоўкаю за ўнітазам у туалеце…

      Вельмі многа з’яўлялася на цэнтральных вуліцах чыноўнікаў у абед, паміж трынаццатай і чатырнаццатай гадзінамі – усялякіх там Марыяў Міхайлаўнаў і Барысаў Мікалаевічаў, – і, адначасова з


Скачать книгу