Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По
адразу ж, нібыта нечалавечая энергія ягоных словаў мела сілу заклёну, вялізныя старажытныя дзверы, на якія ён паказваў, пачалі павольна адчыняцца, раскрываючы сваю жудасную эбенавую пашчу. Гэта зрабіў моцны парыў ветру, але там, за імі, сапраўды ўзвышалася захутаная ў саван постаць лэдзі Мадэліны Ашэр. Кроў запляміла яе белае ўбранне, на схуднелым целе паўсюль былі бачныя сляды адчайнае барацьбы. На імгненне яна затрымалася на парозе, дрыжучы і хістаючыся, а потым з ціхім стогнам упала на грудзі брата і ў яраснай – цяпер перадсмяротнай – агоніі пацягнула ўніз ягонае ўжо мёртвае цела, ахвяру тых жудасцяў, якія ён прадбачыў.
Ахоплены жахам, я бег з гэтага пакоя, з гэтага дому. Навальніца яшчэ бушавала з усёй ярасцю, калі я апынуўся на паркавай сцежцы. Раптам усё вакол працяло жудасным святлом, і я азірнуўся, не разумеючы, адкуль яно, бо за мною быў толькі вялізны дом, агорнуты ценямі. Ззянне йшло ад крывава-чырвонай поўні, якая ўжо садзілася, высвечваючы тую ледзь заўважную расколіну, што зігзагам ішла ад даху дому да фундамента. Пакуль я ўглядаўся туды, расколіна вельмі хутка павялічылася, наляцела лютая віхура, перада мною паўстаў, засцілаючы вочы, дыск поўні, і я змярцвеў, калі ўбачыў, як разлятаюцца на аскепкі моцныя сцены. Пачуўся страшны, аглушальны гук, падобны да голасу тысячаў водных плыняў, і глыбокае цёмнае возера ля маіх ног абыякава і маўкліва пахавала руіны Дому Ашэраў.
Авальны партрэт
Замак, у які мой слуга наважыўся праламіцца гвалтам, каб не дазволіць мне ў маім безнадзейна немачным стане прабавіць ноч пад голым небам, уяўляў сабою адну з тых напышлівых і панурых каменных крушняў, што здавён змрочна высіліся сярод апенінскіх схілаў, нібы спароджаныя фантазіямі місіс Рэдкліф*. Па ўсім было відаць, што ягоныя насельнікі часова і зусім нядаўна яго пакінулі. Мы размясціліся ў адным з найменшых і найсціплей абстаўленых пакояў, які ляжаў у невялічкай вежы наўскрай будынка. Ён быў багата аздоблены габеленамі і завешаны шматлікімі і разнастайнымі геральдычнымі шчытамі, разам з незвычайна высокай колькасцю вельмі жывых сучасных карцінаў у рамах з залачонымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі на саміх сценах, але ў шматлікіх угінах і сховах, якія непазбежна ўтвараліся дзівоснаю архітэктураю замка, неяк дзіўна мяне зацікавілі, мабыць, таму, што я ўжо пачынаў трызніць; і я папрасіў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы – бо за вокнамі ўжо стаяла ноч, – запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў у галовах майго ложка, і адхінуць заслоны з чорнага аксаміту, якія закрывалі сам ложак. Усё гэта я загадаў зрабіць дзеля таго, каб аддацца калі не сну, дык прынамсі папераменнаму сузіранню гэтых карцінаў і гартанню невялікай кнігі, якую я знайшоў каля падушкі і якая змяшчала іх агляд і апісанне.
Я доўга-доўга чытаў і пільна-пільна ўглядаўся. Гадзіны праляталі хутка і ўрачыста, пакуль не настала глыбокая поўнач. Мне не спадабалася, як стаіць кандэлябр, і, з цяжкасцю працягнуўшы руку, каб толькі