Час Вогненнага Птушкалова. Кацярына Захарэвіч
мама прачнецца, яны хаця б развітаюцца, ато і знойдуць такое рашэнне, якое не змусіць сыходзіць.
Не шумелася – рухі былі надзіва асцярожнымі. Зараз ці ніколі. Басі здавалася, што слова «ніколі» – самае страшнае. А тут – «зараз» – гэта як скочыць у халодную ваду – яшчэ наважыцца трэба.
Альбо не трэба.
Бася паглядала, ці чакае Вікця. Вікця чакала. Цярпліва: нікуды дурное дзяўчо без яе дапамогі не дзенецца.
– Зараз бяжы да Хітрай рэчкі, яна загавораная, каб адметных перапраўляць. Сядай у човен ды плыві. Ён ведае, куды несці. Потым – напрасткі праз гушчар. Лічы крокі: пяцьсот праміне – натрапіш на шырокую сцежку, яна і выведзе да паселішча.
– А ты?
– А мне яшчэ трэба незабраных выправіць. Сёння, не пазней.
– Я ніколі не была на тым беразе. Ніхто з горада не наважыцца пераплыць раку ды пайсці ў гушчар.
– Таму мы яго і выбралі.
Вікця сышла ціха – і куды толькі падзеўся шоргат крокаў у траве.
На хату Бася і не зірнула. Калі не развітвацца, то абавязкова вернешся – і ўсё будзе як раней. Спакойна і шчасліва.
Больш за ўсё Лесі хацелася ўцячы з дому. Трынаццаты дзень народзін не абяцаў нічога добрага. Выпадковая сустрэча са старэйшай сястрой па дарозе на кухню – і свята можна скамячыць і выкінуць у сметніцу.
– Прыбярэш сёння мой пакой, – ці то прапанавала, ці то загадала яна. Леся ведала, як трэба рэагаваць на такія выбрыкі. Таргавацца. Выбіваць для сябе найлепшыя ўмовы, найбольшую цану.
– А то што? – болей нахабства ў голас, быццам няма чаго баяцца.
– А то скажу маме пра тваю кантрольную па матэматыцы і пра вырваны з дзённіка ліст.
Халера, адкуль толькі даведалася? Ліст з тройкай па матэматыцы Леся выкінула на вуліцы, далёка ад дома. Сшытак заўсёды хавала на самым дне заплечніка пад спартыўнай формай і пакункам з абуткам. Хоць ты ператварыся ў каменную статую ці белы ліст – сястра ўсё адно знойдзе чым ушчыкнуць, як напаганіць. Леся маўчала.
– Толькі добра вымый, ва ўсе куты залезь. А то атрымаеш замест падарунка маміных кухталёў, – і пайшла ледзь не ўпрыскок, вольная, лёгкая без хатніх абавязкаў.
За камодай, пад ложкам, пад сталом спачывалі камякі шматгадовага пылу. Каб толькі мама пабачыла! Выдала б тады старэйшай. «Калі вы не можаце прыбрацца ва ўласным пакоі, то не павінны яго мець», – так яна кажа. Вось бы яна выселіла сястру ў «залу», а яе пакой аддала б Лесі. А можа, не прыбіраць гэты пыл? Мама вернецца, пабачыць і… Зрэшты, вопыт і інтуіцыя падказвалі, што найбольш атрымае менавіта Леся – ад старэйшай, што «здала» яе. А потым і ад мамы – заўтоеную тройку. І добра, калі выплаты па заслугах абмяжуюцца сапсаваным днём народзін. Зрэшты, ці можа быць горш?
З пылу і пяску Леся вымела ляльку Барбі. Касматая, брудная, у анучах, што некалі гадоў таму былі, напэўна, прыгожай сукенкай. Карацей, страхоцкая. Дзяўчына, гідліва ўзяўшы цацку ў два пальцы за шэрыя валасы, у кудзеры якіх ублыталіся пасмы пылу, мелася яе выкінуць. Ляльчыны ногі віселі за некалькі сантыметраў ад незваротнай прорвы сметніцы, калі