План Бабарозы. Павал Касцюкевіч

План Бабарозы - Павал Касцюкевіч


Скачать книгу
лагер для цыган ці прыгарад, мы з Роні абдымаліся на кепска пафарбаваных лаўках. Калматыя сабакі падбягалі і тыцкаліся ў нашыя боты. Я заўважаў: чым гусцейшым і непраходнейшым было зяленіва наўкола, тым адданей цалавалася Роні. У нашым сакрэтным жыцці яна найбольш любіла бяспеку.

      Калі ў паркава-лясных масівах сутонела, мы ішлі ў прыгарадныя піўнухі, або ў корчмы пры фермах. Яўна не прыстасаваныя для жанчын, гэтыя ўстановы патыхалі дражджавым пахам і гудзелі выключна басовай гаманою. Мы падыходзілі да стойкі і прасілі гарбаты. Раздабрэлым залатазубым бармэнам, якія забылі, што такое вадкасць без градусаў, Роні з ветлівасці нагадвала: “гербата”, “тэ”, “ці”, яго п’юць, “трынкен”. Тады з павагі да адзінай на гэтым тыдні кліенткі-жанчыны бармэны ішлі ў капцёрку і ўключалі свае асабістыя завэдзганыя імбрыкі. Кідалі ў празрыстыя пластыкоўкі ці ў піўныя келіхі нейкія няўцямныя паводле паходжання пакецікі. І, шчыра выскаляючы залатазубыя ўсмешкі, падавалі нам запаранае. Гопнікі, даўншыфтэры і фермеры, што сабраліся ля трансляцыі з футболам ці скачкамі, касавурыліся на Роні і ўпотай заахвочвалі мяне непрыстойнымі панібрацкімі жэстамі. Я адцягваў Роніну ўвагу гісторыямі пра Дзедлёню, другога мужа Бабагруні, і яго захапленне паслячыфірным сэксам.

      Дык вось, у той дзень, пасля сходу таварыства “Шчаслівы матрас” на гуртовым віленскім рынку, Гарунай, куды мы пайшлі гуляць і цалавацца, мы неўспадзеўкі сустрэлі маму.

      Мы выйшлі пасля літоўскай бліннай, дзе прапхнулі ў сябе па караімскім піражку і заліліся аўтаматнай кавай. І тут напярэймы знянацку выскачыла мама. Яна валакла сваю адвечную клятчастую, белаблакітную торбу. Мама цяпер вазіла дадому панчохі, шкарпэткі і калготкі.

      Мамін позірк упаў на мяне. Ад нечаканасці мы абодва спыніліся. Так і стаялі насупраць адно аднаго, яна з торбай панчох, а я – з дурнавата-мройлівай усмешкай на твары, але ніхто не наважыўся парушыць маўчанку. Роні, якая ніколі не бачыла мамы, перапыталася: “Персей, ўот гэпэнд?”, “Што такое, Персей?” Але тут маці ўдала, што са мною ўвогуле незнаёмая, і нібыта проста з цікаўнасці забавілася ля незнаёмага маладзёна, склізнула позіркам па Роні ды пайшла сабе.

      Роні ніяк не адчаплялася – хто, што за жанчына, можа быць, ты, Персей, яе ведаеш?

      – Ці ёсць нейкі найменшы шанец, што калі-небудзь мы будзем разам? – перавёў тэму гутаркі я. – А то я, Роні, адчуваю сябе кутом любоўнага шасцікутніка.

      Гэта дапамагло.

      – Ты што, рыба?! – ад імгненнай злосці Роні адразу ж забылася аб незнаёмцы і люта прыспешыла крок. – Памяці няма?! Мы ўжо тройчы размаўлялі пра гэта сёння!.. І які яшчэ шасцікутнік?

      – Ну, як які, Роні? Ты, я, твой муж, сапраўдны доктар хірургіі Увэ Мітэльман, і тры яго выратаваныя пацыенткі!

      Роні засмяялася. Спынілася. Павярнулася і белай рукой з шлюбным пярсцёнкам палашчыла шчаку ды сказала ўжо больш пяшчотна:

      – Дурненькая рыбка, мой левіяфанчык, я ж сказала табе, мы будзем разам, абяцаю. А пацыенты мяне не вабяць… Толькі лекары.

      Раздзел


Скачать книгу