Libido. Ільля Сін
екалі вузкакалейка матляла паміж раскіданымі ў ваколіцах горада шахтамі і заводамі, але цяпер адзіны яе ацалелы ўчастак выкарыстоўваецца толькі для забавы ў парку адпачынку.
Марыя папраўляе сваю кандуктарскую фуражку і пасміхаецца, скасоўваючы квіткі, працягнутыя вусатым айцом сямейства. Ужо восень, гэта адзін з апошніх рэйсаў, і вагончыкі напаўпустыя.
Нечакана яркія промні кастрычніцкага сонца трапляюць ёй у вочы, і даводзіцца прымружвацца.
Рабаціністы хлопчык злізвае кроплі лёдава з вуснаў. Цяпер яны сталі не толькі пульхнымі, але і клейкімі.
Пасажыры расселіся па сваіх месцах. Марыя дзьме ў свісток, і праз колькі імгненняў амаль цацачны паравозік кранаецца з месца, пыхкаючы прыемным саладжавым дымам.
Колы кратаюцца паволі, нібы неахвотна, але неўзабаве ўваходзяць у роўны спакойны рытм – бы кардыя грама задаволенага жыццём пенсіянера. Марыя на нейкі час паддаецца гіпнатычнаму эфекту, ад чаго яе твар набывае яшчэ большую ўрачыстасць – цалкам адпаведную ролі.
Праз нязлоснае, амаль жывое чухканне даносіцца смех. Нехта ўголас чытае на пакунку чыпсаў склад прадукту па-казахску.
Вагончыкі прамінаюць масток панад невялічкім каналам і неўзабаве губляюцца паміж паўпразрыстых сцен непралазнага гаю (гэтая частка парку паспела зарасці ўшчэнт). Потым сонца з’яўляецца зноў: паравозік ускараскаўся на схіл.
Марыя пэўны час не адчувае нічога, і гэта прыемна. Неўзабаве кола скончыцца, цягнічок прыбудзе да цацачнага перону, Марыя пачакае, пакуль задаволеныя пасажыры выгрузяцца на платформу, пасміхнецца на развітанне кожнаму з іх, скажа кожнаму “да пабачэння”, пераапране свой шыкоўны мундыр на звычайныя джынсы ды швэдар і будзе паўгадзіны трэсціся ў перапоўненай маршрутцы.
Гэта, напэўна, апошні сёлета сонечны дзень і апошні дзень яе працы. На зіму давядзецца ўладкоўвацца прадавачкай альбо прыбіральшчыцай.
Па дарозе дадому Марыя зойдзе ў краму, каб набыць недарагіх сасісак і пачак цыгарэт. Дома яе, вядома, ніхто не чакае. Будзе да ночы сядзець ля вакна, узгрувасціўшы ногі на батарэю, піць гарбату і паліць адну за адной.
У гэтым горадзе яе ніхто не ведае, і гэта добра.
Чыгуначную каляіну перабягае ці то палёўка, ці то пацук, і дзятва ледзь не выкідваецца з вагонаў ад захаплення.
Ідэальна круглая пройма ў асфальце. Шахта люка ўжо паспела напоўніцца розным лайном.
Што і нядзіўна, бо чыгунную накрыўку здалі на металалом не адзін год таму.
У асноўным гэта абгорткі і пластыкавыя бутэлькі. Але не толькі, ёсць і нешта куды цікавейшае.
Дванаццаць гадоў таму шкаляры Жэка і Вака скінулі ў люк знойдзены непадалёк на сметніцы гіпсавы бюсцік Леніна – выключна з пазнаваўчых мэтаў.
Цяпер Жэка працуе наглядчыкам у мясцовай калоніі. Ён трохі распаўнеў пасля таго, як ажаніўся, але б’е паранейшаму з левай.
Шахта выявілася неглыбокай, гіпс з плюханнем акунуўся ў застаялую ваду. Праз пэўны час дыфузія зрабіла сваё: цвёрдае цела пераўтварылася ў аморфнае і пастападобнае. Яно ўсмактала ў сябе набраклую тушку мёртвага ката (на наступны год кінутую ў люк хлопчыкамі з паралельнага класа), і ў выніку дзве абсалютна розныя рэчы сталі нечым адным.
Усе гэтыя цікавыя хімічныя працэсы адбываліся ў поўнай цемрадзі, бо нейкі руплівец закрыў адтуліну самаробным шчытом з негабляваных дошак. Праз пэўны час шчыт прагніў ды абрынуўся, і смецце стала ізноў трапляць у люк – з розных прычынаў і з розных крыніцаў.
Марыя праходзіць міма люка, гледзячы некуды наўзбоч, у вышыню. Галінкі чахлых таполяў паабапал дарогі ўжо амаль пазбаўлены лісця, іх чорная павута выразна прамалёўваецца на тле шэрага вечаровага неба.
На пліце закіпае вада для макароны. На кухонным стале ляжаць іншыя кампаненты будучай сціплай вячэры – плаўлены сырок і самотная сардэлька. Ёсць яшчэ палова ўчорашняй цыбуліны ды счарсцвелы хлебны акраец.
Усе элементы гэтага нацюрморту нібы ўвасабляюць марнасць і вырачанасць любога руху. Як, зрэшты, і краявід за вакном: такія самыя падрапаныя панэльныя дамы, як і той, дзе жыве Марыя. Кожны з іх мае ўласны нумар, выведзены чырвонай фарбай, бы лічбы на сэрцы.
Марыі часта здаецца, быццам з вышыні птушынага палёту гэтыя дамы выглядаюць як забытыя ў пясочніцы цацкі: дзеці даўно ўжо выраслі, сталі піць піва і нюхаць клей, скончылі ПТВ, ажаніліся і развяліся, а цацкі ўсё яшчэ ляжаць у пясочніцы, падуладныя розным стыхіям. Нібы самае ўпартае і недарэчнае з усіх магчымых увасабленняў стабільнасці.
Па іроніі лёсу, гэтыя пяціпавярхоўкі з’явіліся тут некалі менавіта як прыкмета руху, імклівага і бяздумнага ў сваёй жывёльнай вітальнасці. Горад вырас амаль што ў біблійных тэмпах. У панядзелак узніклі рыдваны пад новыя заводы, у аўторак з зямлі павылазілі жылыя мікрараёны, у сераду – крамы і дамы культуры, а ў суботу міліцыянеры ўжо запхнулі ў кутузку першага мясцовага алкаша, які акрапіў мачой тыльны бок свежапафарбаванай дошкі гонару – на яе акурат у нядзелю планавалі павесіць першыя партрэты перадавікоў.
Але натварыўшы тут справаў, рух вырушыў некуды далей,